Леў XIV наведаў ватыканскі радыёцэнтр у Санта-Марыя-дзі-Галерыя
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Візіт адбыўся ў першай палове дня 19 чэрвеня 2025 года. Папа сустрэўся з супрацоўнікамі цэнтру, паразмаўляў з імі, наведаў залу перадатчыкаў, спраектаваную архітэктарам П’ерам Луіджы Нэрві, і залу кантролю за кароткахвалёвым вяшчаннем. Пантыфік пацікавіўся працай антэн, сістэмы вяшчання і лічбавага аварыйнага аднаўлення даных, а таксама разам з супрацоўнікамі адзначыў сціплым пачастункам 43-ю гадавіну свайго святарства.
“Леў XIV падкрэсліў, што падчас яго місіянерскага служэння ў Лацінскай Амерыцы і Афрыцы для яго было вельмі каштоўна мець магчымасць прымаць перадачы Ватыканскага радыё на кароткіх хвалях – бо яны дасягаюць тых мясцін, да якіх маюць доступ нямногія радыёстанцыі. Ён зноў нагадаў пра місіянерскую каштоўнасць камунікацыі”, - паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.
Напрыканцы сустрэчы, благаслаўляючы прысутных, Папа падзякаваў за працу, якая выконваецца з вернасцю і няспыннасцю нават у такі святочны дзень, як урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.
Потым Святы Айцец агледзеў экстратэрытарыяльны абшар, статус якога быў вызначаны пагадненнямі з італьянскім урадам у 1951 годзе. Тут, згодна з motu proprio Fratello Sole, плануецца стварэнне аграфотаэлектрычнай устаноўкі, якая забяспечыць патрэбы радыёстанцыі ў электраэнергіі, але і поўную энергетычную самадастатковасць Дзяржавы Ватыкан.
Цэнтр радыёвяшчання быў урачыста адкрыты Папам Піем XII у 1957 годзе. Апошнім Папам, які наведваў Цэнтр і ватыканскія тэрыторыі ў Санта-Марыя-дзі-Галерыя, быў святы Ян Павел II у 1991 годзе.