Папа: імкнуцца да святасці – найлепшае служэнне Святому Пасаду
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік узначаліў урачыстую эўхарыстычную цэлебрацыю ў Базіліцы Святога Пятра 9 чэрвеня 2025 года – у літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, які адзначаецца на наступны дзень пасля ўрачыстасці Спаслання Святога Духа.
У гаміліі Леў XIV асаблівым чынам падкрэсліў, што Касцёл, па прыкладзе Багародзіцы, пакліканы станавіцца “плодным у Духу”. “Плоднасць Касцёла – гэта тая ж самая плоднасць Марыі, што спаўняецца ў жыцці яго членаў”, калі яны любяць так, “як любіў Езус”, - нагадаў Святы Айцец.
Папа заўважыў таксама, што “плоднасць Марыі і Касцёла непарыўна звязана з іх святасцю, гэта значыць з падабенствам да Хрыста”. “Святы Пасад – святы, як і сам Касцёл, у сваёй першаснай сутнасці, у самой тканіне, з якой ён сатканы. Апостальская Сталіца захоўвае святасць сваіх каранёў і сама захоўваецца ёй. Аднак не менш праўдзіва і тое, што яна жыве таксама ў святасці кожнага з яе членаў. Таму найлепшы спосаб служыць Святому Пасаду – імкнуцца да святасці, кожны паводле свайго жыццёвага стану і даручанай яму місіі”, - сцвердзіў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што плоднасці Касцёла спрыяюць святары, бацькі і маці, якія, нягледзячы на цяжкасці жыцця, імкнуцца выконваць свае абавязкі сумленна, працаваць як мага лепш, з любоўю і верай.
Леў XIV нагадаў таксама, што Марыя была разам з вучнямі ў Вячэрніку, калі на іх сышоў Дух Святы. “Гэты паказвае нам мацярынства Марыі ў дачыненні да Касцёла, які нараджаўся – мацярынства “архетыпічнага”, якое заўсёды дзейснае ў кожным часе і месцы”, - сказаў Папа, дадаўшы, што плоднасць Касцёла заўсёды звязана з ласкай, якая выцякла з прабітага Сэрца Езуса, разам з крывёй і вадой, сімваламі сакрамэнтаў.
Пантыфік адзначыў, што Марыя ў Вячэрніку служыла новай супольнасці на чале з Пятром: “Яна – жывая памяць Езуса і, як такая, з’яўляецца своеасаблівым цэнтрам прыцягнення, які гарманізуе разнастайнасць і робіць малітву вучняў адзінадушнай”.
“Падобным чынам Маці-Касцёл падтрымлівае служэнне наступнікаў Пятра праз марыйны харызмат. Святы Пасад перажывае асаблівым чынам прысутнасць двух полюсаў – марыйнага і пятровага. І менавіта марыйны забяспечвае плоднасць і святасць пятровага, дзякуючы сваёй мацярынскай прыродзе, што з’яўляецца дарам Хрыста і Духа”, - сказаў Папа.