MAP

Папа на Юбілей кіраўнікоў: палітыка – гэта місія ісціны і дабра

Служыць агульнаму дабру і свабодзе веравызнання, а таксама адказваць на выклікі штучнага інтэлекту, заклікаў Пантыфік палітыкаў з 68 краін свету, якіх 21 чэрвеня 2025 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

21-22 чэрвеня ў межах Юбілейнага года надзеі ў Касцёле адзначаецца Юбілей кіраўнікоў, ключавымі ўдзельнікамі якога сталі прадстаўнікі мясцовай і дзяржаўнай улады Італіі, а таксама парламентарыі і дыпламаты з усяго свету.

Праграма ўрачыстасцяў распачалася 21 чэрвеня праходам удзельнікаў праз Святую Браму і сустрэчай з Святым Айцом. У сваім звароце да членаў Міжнароднага міжпарламенцкага саюза, палітыкаў, прадстаўнікоў акадэмічных інстытутаў і рэлігійных лідэраў з 68 краін свету, Леў XIV звярнуў увагу на тры галоўныя аспекты сучаснай палітыкі.

Па-першае, яна мусіць служыць справядлівасці і супольнаму дабру, супрацьстаяць няроўнасці і абараняць найбольш уразлівых. Разумная палітыка, накіраваная на справядлівае размеркаванне рэсурсаў, можа эфектыўна спрыяць гармоніі і міру як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні, - адзначыў Пантыфік.

Другі важны аспект палітыкі, на які звярнуў увагу Папа, тычыцца свабоды веравызнання і міжрэлігійнага дыялогу. У цяперашні час ён набывае ўсё большае значэнне. Вера ў Бога і яе пазітыўныя каштоўнасці могуць стаць “велізарнай крыніцай дабра і ісціны для жыцця асобных людзей і супольнасцяў”.

Пантыфік нагадаў пра неабходнасць абапірацца ў палітыцы на ўніверсальны маральны прынцып – натуральны закон, пра які казаў яшчэ Цыцэрон, які кіруе ўсімі народамі паўсюдна і ва ўсе часы.

“Натуральнае права, якое мае ўніверсальную сілу, незалежна ад іншых, больш спрэчных вераванняў, з'яўляецца тым компасам, па якім мы можам арыентавацца пры распрацоўцы законаў і прыняцці рашэнняў, асабліва ў дачыненні да далікатных і неадкладных этычных пытанняў, якія сёння ў большай ступені, чым у мінулым, датычацца асабістага жыцця і недатыкальнасці прыватнага жыцця”, - сцвердзіў Леў XIV.

Святы Айцец нагадаў аб тым, што “Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, ухваленая і абвешчаная ААН 10 снежня 1948 года, у цяперашні час з'яўляецца часткай культурнай спадчыны чалавецтва”. Яна захоўвае сваю актуальнасць і можа ўнесці значны ўклад у тое, каб паставіць чалавечую асобу ў цэнтр і аднавіць годнасць тых, хто не адчувае павагі да сябе.

Папа звярнуў увагу на трэці важны аспект палітычнай дзейнасці – этычнае выкарыстанне штучнага інтэлекту. На яго думку, палітыкі закліканыя сачыць за тым, каб новыя тэхналогіі служылі чалавеку, не пазбаўляючы яго годнасці і свабоды. Яны “не могуць ігнараваць праблему такога маштабу”. Наадварот, закліканы даць адказ грамадзянам, якія з заклапочанасцю глядзяць на праблемы новай лічбавай культурай.

Напрыканцы прамовы Пантыфік нагадаў пра святога Тамаша Мора як пра ўзор для палітыкаў. Ён быў “чалавекам, верным сваім грамадзянскім абавязкам, бездакорным слугой дзяржавы менавіта дзякуючы сваёй веры, якая прымушала яго разглядаць палітыку не як прафесію, а як місію па распаўсюджванню ісціны і дабра”. “Хай яго прыклад будзе крыніцай натхнення і кіраўніцтвам для кожнага з вас!” – заклікаў Леў XIV, благаслаўляючы прысутных і іх дзейнасць.

Пасля аўдыенцыі з Пантыфікам праграма Юбілею кіраўнікоў працягнецца дыскусіяй на тэму экалагічнага доўгу, якую правядзе мэр Вечнага горада Раберта Гвальцьеры. Яна пройдзе ў мэрыі Рыма. З прамовай выступіць Дзяржаўны сакратар П’етра Паралін.
Вечарам 21 чэрвеня ля Плошчы святога Пятра адбудзецца канцэрт “Гармоніі надзеі” з удзелам музыкантаў з ЗША, Расіі, Украіны, Венесуэлы, Швейцарыі, Італіі і Японіі.

На наступны дзень, 22 чэрвеня, удзельнікі Юбілею прымуць удзел у малітве “Анёл Панскі”, якую ўзначаліць Папа Леў XIV, а таксама ў Імшы Божага Цела ў Базіліцы святога Яна на Латэране, пасля якой адбудзецца эўхарыстычная працэсія да Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ.

21 чэрвеня 2025, 11:54