Папа на Юбілей біскупаў: будзьце сведкамі надзеі і еднасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
У медытацыі Пантыфік падкрэсліў, што біскупы – не толькі пастыры, але і авечкі ў статку Пана. Яны таксама пакліканы прайсці праз Святую Браму, каб глыбока аднавіцца ласкай Хрыста Збаўцы.
"Spes non confundit”, "надзея не расчароўвае" (Рым 5,5) – гэтыя словы былі асабліва блізкія Папу Францішку. Біскупы пакліканы быць першымі сведкамі гэтай надзеі. Часам гэта азначае ісці супраць плыні, сутыкацца з безвыходнымі сітуацыямі. Але менавіта ў такія моманты прыходзіць разуменне таго, што “вера і надзея – не ад нас, а ад Бога”, - нагадаў Святы Айцец.
Леў XIV паразважаў над рысамі, якія характарызуюць вобраз мыслення, пачуцці і паводзіны біскупа. Перш за ўсё, біскуп з'яўляецца бачным знакам еднасці ў даручанай яму дыяцэзіі. Ён будуе супольнасць, падтрымлівае разнастайнасць дароў і служэнняў. У гэтай місіі біскуп можа разлічваць на асаблівую ласку, якую ён атрымаў праз біскупскае пасвячэнне.
Другі аспект жыцця біскупа – гэта тэалагічнае жыццё, цалкам паслухмянае дзеянню Духа Святога, які распальвае ў ім веру, надзею і любоў. Біскуп – гэта чалавек веры, які, як Майсей, глядзіць удалечыню, бачыць нябачнае, моліцца і заступаецца за свой народ перад Богам, - адзначыў Святы Айцец.
Біскуп – гэта таксама чалавек надзеі, асабліва ў цяжкія моманты, калі людзі сутыкаюцца з нягодамі. Ён застаецца побач з сем’ямі, моладдзю, пажылымі, хворымі і ўсімі, хто пакутуе, падтрымлівае і будуе супольнасць, якая жыве Евангеллем, - нагадаў Папа.
Вера і надзея біскупа раскрываюцца праз яго пастырскую любоў. Усё яго служэнне – абвяшчэнне Евангелля, наведванне супольнасцяў, слуханне святароў і дыяканаў, нават адміністрацыйныя рашэнні – натхняецца любоўю Хрыста. Біскуп падае прыклад братэрскай любові да ўсіх: да супрацоўнікаў, біскупаў суседніх дыяцэзій, біскупа-эмерыта і яго найбліжэйшых паплечнікаў, святароў, асабліва тых, хто перажывае цяжкасці або хварэе, - заўважыў Пантыфік.
На яго думку, акрамя тэалагічнага ядра жыцця біскупа, яму неабходныя іншыя цноты, такія як пастырская разважлівасць, евангельская беднасць, цэлібат і чалавечыя цноты: вернасць, шчырасць, велікадушнасць, адкрытасць розуму і сэрца, здольнасць радавацца з тымі, хто радуецца, і пакутаваць з тымі, хто пакутуе, самавалоданне, далікатнасць, цярпенне, абачлівасць, вялікая схільнасць да слухання і дыялогу, гатоўнасць да служэння.
“Дзякуй за вашыя малітвы. Я таксама малюся за вас і ад усяго сэрца вас благаслаўляю”, - завяршыў сваю прамову Папа, заклікаючы на біскупаў заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і апосталаў Пятра і Паўла. Затым усе разам яны прамовілі Вызнанне веры.