MAP

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі"  (@Vatican Media)

Пантыфік: молімся за мір на Блізкім Усходзе, ва Украіне і ўсім свеце

Перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла 15 чэрвеня 2025 года ў Ватыкане, Папа заклікаў спыніць войны і гвалт у свеце, а таксама паставіў у прыклад моладзі новага благаслаўлёнага.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Леў XIV заклікаў да захавання духу бескарыслівасці ў спорце. Ён падкрэсліў, што “спорт – гэта шлях будавання міру, бо з’яўляецца школай павагі і сумленнасці, якая спрыяе развіццю культуры сустрэчы і братэрства”. Папа заклікаў свядома прытрымлівацца такога стылю жыцця, супраціўляючыся ўсім формам гвалту і прыгнёту. “Свет гэтага вельмі патрабуе!” - сцвердзіў Святы Айцец.

Свет у агні: Папа заклікае да малітвы і міру

Пантыфік нагадаў пра шматлікія ўзброеныя канфлікты ў розных частках свету. Ён заўважыў, што ў М’янме баі працягваюцца, нягледзячы на перамір’е, прычыняючы шкоду ў тым ліку грамадзянскай інфраструктуры. “Заклікаю ўсе бакі стаць на шлях інклюзіўнага дыялогу – адзіны, які можа прывесці да мірнага і трывалага рашэння”, - сказаў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на масавае забойства ў лагеры бежанцаў у Нігерыі, дзе ў ноч з 13 на 14 чэрвеня былі з крайняй жорсткасцю забітыя больш за 200 чалавек, большасць з якіх – унутрана перамешчаныя асобы, прынятыя мясцовай каталіцкай місіяй. “Я малюся, каб у Нігерыі пераважылі бяспека, справядлівасць і мір”, - падкрэсліў Леў XIV.

Папа скіраваў свае думкі таксама да драматычнай сітуацыі ў Судане, дзе гвалт працягваецца ўжо больш за два гады. Пантыфік запэўніў у сваёй малітве за мясцовага ксяндза Люка Джуму, які загінуў у выніку бамбардзіроўкі. “Зноў скіроўваю заклік да бакоў канфлікту: спыніцеся, абараніце мірных жыхароў і распачніце дыялог дзеля міру. Заклікаю міжнародную супольнасць узмацніць намаганні, каб забяспечыць хаця б базавую дапамогу людзям, што церпяць ад цяжкай гуманітарнай крызіснай сітуацыі”, - сказаў Пантыфік.

Леў XIV заклікаў працягваць малітву за мір на Блізкім Усходзе, ва Украіне і ва ўсім свеце.

Новы благаслаўлёны – прыклад для моладзі

Святы Айцец заўважыў, што ў другой палове дня ў Базіліцы Святога Паўла па-за мурамі адбудзецца беатыфікацыя маладога кангалезскага мучаніка Фларыбэра Бвана Чуі Бін Косіці. “Яго забілі ва ўзросце 26 гадоў, бо як хрысціянін ён супрацьстаяў несправядлівасці і бараніў малых і бедных. Няхай яго сведчанне прынясе мужнасць і надзею моладзі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і ўсёй Афрыцы!” , - пажадаў Папа.

На заканчэнне свайго звароту Леў XIV заклікаў моладзь з усяго свету прыбыць у Рым на Юбілей моладзі, які адбудзецца 28 ліпеня. “Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Каралева супакою, заступаецца за нас”, - сказаў Пантыфік перад марыйнай малітвай.
 

15 чэрвеня 2025, 12:51