MAP

Леў XIV маладым астраномам: дзяліцеся радасцю адкрыццяў

Святы Айцец падкрэсліў важнасць даследавання космасу і дзялення ведамі дзеля агульнага дабра ўсяго чалавецтва. Імкненнем да пазнання можна рабіць уклад у будаўніцтва больш мірнага і справядлівага свету, - дадаў ён.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

16 чэрвеня 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў 19-й Летняй школы Ватыканскай абсерваторыі (VOSS 2025), якая праходзіць у Кастэль-Гандольфа. У ёй бяруць удзел 24 маладыя астраномы з 22 краін свету. Тэма сёлетняй навуковай праграмы: “Даследаванне Сусвету з дапамогай касмічнага тэлескопа Джэймса Уэба: першыя тры гады”.

Інструмент, які дазваляе зазірнуць у пачатак Сусвету

“Без сумневу, гэта надзвычай захапляльны час, каб быць астраномам!” - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што дзякуючы тэлескопу Уэба мы ўпершыню можам зазіраць у глыбіні атмасфер экзапланет, дзе можа ўзнікаць жыццё, даследаваць туманы, у якіх фармуюцца планетарныя сістэмы, і нават прасачыць старажытнае святло далёкіх галактык, якое расказвае пра самы пачатак нашага Сусвету.

Прароцкае бачанне аўтараў Святога Пісання

“Аўтары Святога Пісання, якія пісалі шмат стагоддзяў таму, не мелі магчымасці карыстацца такімі інструментамі, аднак у сваім паэтычным і рэлігійным уяўленні разважалі над тым, якім быў момант стварэння: “А зоркі свецяць на сваіх вартах і цешацца. Паклікаў іх – і яны адказалі: “Мы тут”; свецяць з радасцю Таму, Хто іх стварыў” (Бар 3,34). Ці ж не напаўняюць нас сёння выявы з тэлескопа Джэймса Уэба здзіўленнем і сапраўднай, таямнічай радасцю, калі мы сузіраем іх узнёслую прыгажосць?”, - прапанаваў задумацца Леў XIV.

Быць шчодрымі ў дзяленні ведамі

Папа з удзячнасцю адзначыў, што навуковая каманда, якая працуе з касмічным тэлескопам, зрабіла шмат для таго, каб выявы, атрыманыя з яго дапамогай, сталі даступнымі шырокай грамадскасці, а ўдзельнікам Летняй школы былі перададзены веды, што будуць карыснымі для пашырэння разумення космасу, часткай якога мы з’яўляемся.

“Дзякуючы не толькі навукоўцам, інжынерам і матэматыкам, але і падтрымцы вашых сем’яў і сяброў, вы змаглі адкрыць каштоўнасць і стаць часткай гэтай выключнай справы, якая дазволіла нам убачыць свет вакол нас у новым святле”, - сказаў Пантыфік.

“Таму ніколі не забывайце: тое, што вы робіце, прызначана на карысць усім нам. Будзьце шчодрымі ў дзяленні тым, што вы даведаліся і перажылі – найлепшым чынам і ўсімі магчымымі спосабамі. Не саромейцеся дзяліцца радасцю і захапленнем, якія нараджаюцца падчас сузірання “насення”, раскіданага Богам у гармоніі Сусвету, як пісаў святы Аўгустын. Чым большай радасцю вы падзяліцеся – тым больш яе створыце. І так, праз ваша імкненне да пазнання, кожны з вас зможа ўнесці свой уклад у будаўніцтва больш мірнага і справядлівага свету”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

16 чэрвеня 2025, 12:30