Леў XIV заклікае духавенства стаць "рыбаловамі сем'яў"
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа Леў XIV накіраваў пасланне ўдзельнікам семінара "Евангелізаваць разам з сем'ямі сёння і заўтра. Эклезіялагічныя і душпастырскія выклікі", які арганізавала Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям'і і жыцця 2-3 чэрвеня 2025 года. Семінар праводзіцца адразу пасля святкавання Юбілею Сем'яў.
Сем'і – жывыя члены містычнага Цела Хрыста
Тэма семінара, адзначае Папа, "выражае мацярынскі клопат Касцёла пра хрысціянскія сем'і, прысутныя ва ўсім свеце: жывыя члены містычнага Цела Хрыста і першае эклезіяльнае ядро, якому Пан даручае перадачу веры і Евангелля, асабліва новым пакаленням".
Святы Айцец нагадвае, што "глыбокае пытанне бясконцасці, запісанае ў сэрцы кожнага чалавека, дае бацькам і маці задачу зрабіць сваіх дзяцей свядомымі Айцоўства Бога", цытуючы пры гэтым словы святога Аўгусціна: "Як у Табе мы маем крыніцу жыцця, так у тваім святле мы ўбачым святло".
Знайсці тых, хто далёка
Леў XIV падкрэслівае, што наш час характарызуецца ўзрастаючым пошукам духоўнасці, асабліва сярод моладзі, якая прагне сапраўдных адносін і настаўнікаў жыцця. Таму важна, каб хрысціянская супольнасць глядзела далёка, становячыся перад выклікамі свету захавальніцай імкнення да веры, якое ёсць у сэрцы кожнага.
"І асабліва тэрмінова, у гэтым намаганні, звярнуць асаблівую ўвагу на тыя сем'і, якія па розных прычынах духоўна далёка: на тыя, што не адчуваюць сябе ўцягнутымі, якія кажуць, што не зацікаўлены, або якія адчуваюць сябе выключанымі з агульных шляхоў, але тым не менш хацелі б быць нейкім чынам часткай супольнасці, у якой яны могуць расці і з якой яны могуць ісці", - піша Папа.
Ад маралістаў да Касцёла як месца ласкі, братэрства і любові
Пантыфік з занепакоенасцю адзначае, што "ўсё больш распаўсюджаная "прыватызацыя" веры часта перашкаджае гэтым братам і сёстрам пазнаць багацце і дары Касцёла, месца ласкі, братэрства і любові". У выніку многія, шукаючы апоры ў жыцці, "заканчваюць тым, што давяраюцца фальшывым апорам, якія, не вытрымліваючы цяжару іх самых глыбокіх запытаў, дазваляюць ім зноў саслізнуць уніз, аддаляючы іх ад Бога і робячы іх тымі, хто пацярпеў караблекрушэнне ў моры мірскіх хваляванняў".
"Колькі разоў, магчыма, у не вельмі далёкім мінулым, мы забываліся пра гэтую праўду і прадстаўлялі хрысціянскае жыццё пераважна як набор правіл, якія трэба выконваць, замяняючы цудоўны досвед сустрэчы з Езусам, Богам, Які аддае Сябе нам, маралістычнай, цяжкай, малапрывабнай і, у пэўным сэнсе, недасягальнай у канкрэтнасці паўсядзённага жыцця рэлігіяй", - піша Леў XIV.
"Рыбаловы сем'яў"
Святы Айцец падкрэслівае, што ў гэтым кантэксце перш за ўсё біскупы, наступнікі апосталаў і пастыры Хрыстовага статка, павінны закінуць сетку ў мора і стаць "рыбаловамі сем'яў". Але і свецкія вернікі пакліканы ўдзельнічаць у гэтай місіі, становячыся разам са святарамі "рыбаловамі" пар, моладзі, дзяцей, жанчын і мужчын рознага ўзросту і стану, каб усе маглі сустрэць Таго, Хто адзін можа збавіць.
"Не дазваляйце сабе адчайвацца з прычыны цяжкіх сітуацый, з якімі вы сутыкняцеся. Праўда, сёння сямейныя адзінкі паранены многімі спосабамі, але "Евангелле сям'і корміць таксама тыя насенні, якія яшчэ чакаюць, каб даспець, і павінна клапаціцца пра тыя дрэвы, якія высахлі і маюць патрэбу, каб іх не занядбалі", - цытуе Папа апостальскую адгартацыю "Amoris laetitia".
Заклік да дзеяння
Леў XIV заахвочвае ўдзельнікаў семінара далучыцца да намаганняў, "з якімі ўвесь Касцёл шукае тыя сем'і, якія самі больш не набліжаюцца; каб зразумець, як ісці разам з імі і як дапамагчы ім сустрэць веру, становячыся ў сваю чаргу "рыбаловамі" іншых сем'яў".
Завяршаючы сваё пасланне, Святы Айцец дзякуе ўдзельнікам семінара за іх працу і просіць, каб Дух Святы накіроўваў іх у "распазнанні крытэрыяў і спосабаў эклезіяльнага абавязацельства, здольных падтрымліваць і спрыяць сямейнаму душпастырству".
"Дапаможам сем'ям з адвагай слухаць прапанову Хрыста і заклікі Касцёла!" - звяртаецца Папа, нагадваючы пра сваю малітву і ўдзяляючы апостальскае благаслаўленне.