Папа Леў XIV запэўніў у вернасці экуменічнаму шляху
Аляксандр Панчанка - Vatican News
28 чэрвеня 2025 года Папа Леў XIV прыняў у Ватыкане дэлегацыю Канстанцінопальскага Патрыярхату, якая традыцыйна прыбыла ў Рым з нагоды ўрачыстасці святых Пятра і Паўла. У яе склад уваходзілі мітрапаліт Халкідонскі Эмануіл, старшыня Сінадальнай камісіі па сувязях з Каталіцкім Касцёлам, якога суправаджалі айцы Аэцый і Іеранім.
Пантыфік нагадаў, што “пасля стагоддзяў нязгоды і непаразуменняў сапраўдны дыялог паміж сястрынскімі Цэрквамі Рыма і Канстанцінопаля стаў магчымы дзякуючы адважным і прадбачлівым крокам”, зробленым Папам Паўлам VI і Патрыярхам Афінагорам, і працягнутым іх наступнікамі, якія яшчэ больш умацавалі ўзаемасувязі.
Святы Айцец асабліва адзначыў сведчанне “шчырай блізкасці да Каталіцкага Касцёла”, якое Патрыярх Барталамей І даў сваёй асабістай прысутнасцю на пахаванні Папы Францішка, а таксама ўдзелам у Імшы з нагоды пачатку пантыфікату Льва XIV.
“З удзячнай памяццю пра ўжо пройдзены шлях запэўніваю вас у сваёй гатоўнасці працягваць намаганні дзеля аднаўлення поўнай і бачнай еднасці паміж нашымі Цэрквамі. Дасягнуць гэтай мэты можна толькі з Божай дапамогай і праз нязменную адданасць паважліваму слуханню і братэрскаму дыялогу. Таму я адкрыты на любыя прапановы ў гэтай сферы, пастаянна раючыся з маімі сабратамі-біскупамі Каталіцкага Касцёла, якія разам са мной нясуць адказнасць за поўнае і бачнае адзінства Касцёла”, - падкрэсліў Пантыфік, падзякаваўшы сваім гасцям за візіт.
“Няхай заступніцтва святых Пятра і Паўла, святога Андрэя і Найсвяцейшай Маці Божай, якія ўжо жывуць у вечнасці ў дасканалай еднасці святых, суправаджае і падтрымлівае нас у нашым служэнні дзеля Евангелля”, - пажадаў Папа напрыканцы прамовы.