Папа да семінарыстаў: патрэбны аўтэнтычныя і спагадлівыя святары
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа 24 чэрвеня 2025 года сустрэўся з семінарыстамі, якія сабраліся ў Рыме на свой Юбілей. У медытацыі Пантыфік падкрэсліў, што маладыя людзі, якія рыхтуюцца да святарства, з'яўляюцца не толькі пілігрымамі, але і "сведкамі надзеі" для ўсяго Касцёла.
Школа пачуццяў для будучых святароў
"Вы прынялі пакліканне стаць лагоднымі і моцнымі абвяшчальнікамі Слова, якое збаўляе, служыцелямі адкрытага і місіянерскага Касцёла," - адзначыў Пантыфік, падкрэсліваючы, што семінарыя павінна заставацца перш за ўсё "школай пачуццяў".
"У грамадскім і культурным кантэксце, пазначаным канфліктамі і нарцысізмам, мы павінны навучыцца любіць так, як любіў Езус," - сказаў Леў XIV, нагадваючы энцыкліку "Dilexit nos" свайго папярэдніка Францішка.
Унутранае жыццё – аснова служэння
Папа заклікаў семінарыстаў працаваць над сваім унутраным жыццём, "дзе Бог дае пачуць свой голас і адкуль выходзяць самыя глыбокія рашэнні". Ён падкрэсліў, што без унутранага жыцця немагчыма і духоўнае жыццё, "бо Бог прамаўляе да нас менавіта там, у сэрцы".
"Не бойцеся паклапаціцца пра свае раны, дазвольце сабе дапамагчы, бо менавіта з гэтых ран народзіцца здольнасць быць побач з тымі, хто пакутуе," - заахвоціў Пантыфік.
Заклік да распазнання
Папа падкрэсліў важнасць распазнання ў святарскай фармацыі: "Вы павінны навучыцца распазнаваць. Калі мы маладыя, мы носім у сабе шмат жаданняў, мар і амбіцый. Сэрца часта перапоўнена, і здараецца, што мы адчуваем сябе збянтэжанымі."
"Па прыкладзе Дзевы Марыі, наша душа павінна стаць здольнай захоўваць і разважаць," – працягнуў Папа, заклікаючы маладых людзей пазбягаць павярхоўнасці і збіраць разам "фрагменты жыцця ў малітве і медытацыі".
У заключэнні Пантыфік пажадаў семінарыстам мець "лагоднае і пакорнае сэрца, як у Езуса" і заахвоціў іх сведчыць "удзячнасць і бескарыслівасць Хрыста, яго мяккасць і міласэрнасць" у свеце, дзе часта пераважае "няўдзячнасць і прага ўлады".