Леў XIV: Мальтыйскі Ордэн павінен захаваць рэлігійную сутнасць
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Касцёл удзячны вам за ўсё дабро, якое вы робіце там, дзе ёсць патрэба ў любові, у часам вельмі складаных сітуацыях," - напісаў Святы Айцец, адзначаючы таксама высілкі Ордэна па абнаўленні, якія здзяйсняюцца "для большай вернасці Евангеллю ў цесным і сардэчным супрацоўніцтве з кардыналам-патронам".
Пантыфік падкрэсліў, што Ордэн мае дваістую мэту: абарону веры (tuitio fidei) і служэнне бедным (obsequium pauperum). "Гэта два аспекты адзінай харызмы: вера, якая распаўсюджваецца і абараняецца ў служэнні любові да бедных, маргіналізаваных, усіх тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы, дапамозе іншых."
Небяспека страты рэлігійнай сутнасці
"Калі б гэтага не хапала, Ордэн страціў бы свой рэлігійны характар і зрабіўся б проста філантрапічнай арганізацыяй," - папярэдзіў Папа, заклікаючы не абмяжоўвацца дапамогай бедным, але абвяшчаць ім Божую любоў словам і сведчаннем.
Святы Айцец нагадаў словы апостала Паўла пра неабходнасць "апрануцца ў Божую зброю", каб абараняць і захоўваць веру: "апаясаць бёдры праўдай, апрануць панцыр справядлівасці, узяць шчыт веры, шлем збаўлення і меч Духа, якім з'яўляецца Божае слова".
Заахвочванне да сапраўднага абнаўлення
"Вы знаходзіцеся ў працэсе абнаўлення. Абнаўленне не можа быць проста інстытуцыйным, нарматыўным: яно павінна быць перш за ўсё ўнутраным, духоўным, бо гэта надае сэнс зменам у правілах," - падкрэсліў Леў XIV.
Ён адзначыў, што Ордэн абнавіў сваё права, Канстытуцыйную Хартыю і Мальтыйскі Кодэкс, што было неабходна для ўдакладнення многіх рэчаў, асабліва прыроды рэлігійнага ордэна. Аднак "шлях абнаўлення не скончаны, ён заўсёды знаходзіцца на пачатковай стадыі, бо патрабуе навяртання сэрца – задачы, якая стаіць усё жыццё перад кожным з нас".
Надзея на будучыню
Папа выказаў радасць з прычыны таго, што з'явіліся кандыдаты, якія пажадалі распачаць рэзідэнцыйны навіцыят – важная навіна пасля доўгага перыяду, калі супольнае жыццё ў Ордэне адсутнічала.
"Гэта прычына вялікай надзеі, але таксама выклік для ўсяго Ордэна і асабліва для адказных за фармацыю," - адзначыў Пантыфік, падкрэсліваючы неабходнасць адмысловага падыходу, які павінен мець на мэце перш за ўсё малітву: літургічную і асабістую.
Заканчваючы сваё пасланне, Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць малітвы і супольнага жыцця для сапраўднага абнаўлення Ордэна і ўдзяліў сваё апостальскае благаслаўленне ўсім, хто залучаны ў мальтыйскую місію – як рыцарам і валанцёрам, так і тым, каму яны служаць.