Заклік Пантыфіка да міру на Блізкім Усходзе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
22 чэрвеня 2025 года Леў XIV выказаў глыбокую занепакоенасць сітуацыяй на Блізкім Усходзе, падкрэсліваючы пагрозу эскалацыі канфлікту, які ахоплівае Іран, Ізраіль і Палесціну.
Гэта крык, які патрабуе адказнасці і розуму
"У гэтым драматычным сцэнарыі існуе рызыка, што штодзённыя пакуты насельніцтва, асабліва ў Газе і на іншых тэрыторыях, дзе неабходнасць адэкватнай гуманітарнай дапамогі становіцца ўсё больш тэрміновай, могуць быць забытыя", - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што "сёння больш чым калі-небудзь чалавецтва крычыць і заклікае да міру". Гэта, паводле яго слоў, "крык, які патрабуе адказнасці і розуму, і не павінен быць заглушаны грукатам зброі і рытарычнымі словамі, якія падахвочваюць да канфлікту".
Не існуе "далёкіх" канфліктаў, калі гаворка ідзе пра годнасць чалавека
Леў XIV падкрэсліў, што кожны член міжнароднай супольнасці нясе маральную адказнасць за спыненне трагедыі вайны, перш чым яна стане непапраўнай безданню. "Не існуе "далёкіх" канфліктаў, калі гаворка ідзе пра годнасць чалавека", - заўважыў ён.
"Вайна не вырашае праблемы, наадварот, яна іх узмацняе і стварае глыбокія раны ў гісторыі народаў, якія патрабуюць пакаленняў для загойвання. Ніякая ўзброеная перамога не можа кампенсаваць боль маці, страх дзяцей, скрадзеную будучыню", - сказаў Святы Айцец.
У сваім звароце Пантыфік таксама заклікаў да дыпламатычных дзеянняў для спынення ўзброеных канфліктаў: "Няхай дыпламатыя прымусіць замаўчаць зброю! Няхай народы вызначаюць сваю будучыню справамі міру, а не гвалтам і крывавымі канфліктамі!"
Пасля малітвы Леў XIV павітаў усіх прысутных на Плошчы Святога Пятра вернікаў, у тым дзяржаўных дзеячаў, якія прыбылі з нагоды Юбілею палітыкаў. Асобна ён згадаў вернікаў з Калумбіі, Польшчы, Аўстрыі, Германіі і Італіі.
На заканчэнне Святы Айцец пажадаў усім добрай нядзелі і благаславіў тых, хто сёння актыўна ўдзельнічае ва ўрачыстасці Божага Цела, спевамі, музыкай, кветкавымі ўпрыгожаннямі, рамёствамі і, перш за ўсё, малітвай і працэсіяй.