Папа прыняў Прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пасля аўдыенцыі ў Папы кіраўнік дзяржавы правёў сустрэчу з сакратаром па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам.
Падчас сардэчнай размовы ў Дзяржаўным сакратарыяце былі адзначаны добрыя адносіны паміж Святым Пасадам і Экватарыяльнай Гвінеяй. Асаблівая ўвага была нададзена ўнёску Каталіцкага Касцёла ў галіне адукацыі і аховы здароўя, а таксама яго ролі ў гуманітарным, сацыяльным і культурным развіцці насельніцтва краіны.
У ходзе сустрэчы быў таксама праведзены абмен меркаваннямі па актуальных міжнародных пытаннях, з асаблівым акцэнтам на наступствах канфліктаў і праблемах грамадскай бяспекі ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі.
Экватарыяльная Гвінея з'яўляецца адной з найменшых краін Афрыкі, дзе каталікі складаюць значную частку насельніцтва. Касцёл актыўна ўдзельнічае ў развіцці сацыяльнай інфраструктуры краіны, асабліва ў сферы адукацыі і медыцыны.