Папа Леў XIV атрымаў новы электронны дакумент Перу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У гістарычнай для Перу падзеі, Папа Леў XIV абнавіў свае асабістыя даныя і фотаздымак для новага дакумента асобы, як паведаміў перуанскі партал “Peruinforma”. Пантыфік атрымае новы электронны дакумент DNI 3.0.
"Ідэнтыфікацыя без меж"
Рэгістрацыя Пантыфіка адбылася ў рамках кампаніі “Reniec” "Ідэнтыфікацыя без меж", падчас якой было праведзена больш за 500 працэдур для асоб з перуанскім грамадзянствам, якія пражываюць у Італіі.
"Тое, што зрабіў Папа Леў XIV, пацвярджае яго сімпатыю да краіны і з'яўляецца таксама актам адказнасці. Гэта паведамленне ўсім перуанцам, каб яны абнаўлялі свае дакументы асобы", - патлумачыла кіраўнік Нацыянальнага рэестра ідэнтыфікацыі Кармэн Велардэ.
Народжаны ў Чыкага Роберт Фрэнсіс Прэвост, які з 8 мая 2025 года з’яўляецца навышэйшым пастырам 1,4 мільярда католікаў ва ўсім свеце, мае перуанскі пашпарт, а таксама амерыканскае грамадзянства. Як паведамляюць перуанскія СМІ, 30 мая 2025 года супрацоўнікі Reniec наведалі Ватыкан, каб атрымаць неабходныя даныя, такія як адбіткі пальцаў і подпіс Папы.
Падзяка Святому Айцу за час, прысвечаны абнаўленню дакумента
Шмат гадоў Леў XIV правёў як місіянер і біскуп у гэтай паўднёваамерыканскай краіне і мае блізкія сувязі асабліва з дыяцэзіяй Чыклаё, якой кіраваў каля васьмі гадоў. У сваім першым выступленні пасля выбрання 8 мая 2025 года ўвечары з цэнтральнай лоджыі Базілікі Святога Пятра ён узгадаў жыхароў Перу.
"Дзякую Святому Айцу за час, прысвечаны абнаўленню дакумента", - дадала спадарыня Велардэ.
"Ідэнтыфікацыя без меж" – гэта кампанія, якую перуанскаі Нацыянальны рэестр ідэнтыфікацыі праводзіць разам з Міністэрствам замежных спраў з мэтай паляпшэння паслуг ідэнтыфікацыі для перуанцаў за мяжой, незалежна ад іх іміграцыйнага статусу. Да гэтага часу супрацоўнікі “Reniec” наведалі Чылі, Аргенціну, Злучаныя Штаты, Іспанію, Італію і Ватыкан.