MAP

Папа: навяртанне, місія і міласэрнасць – знакі прыгажосці Касцёла

Нягледзячы на розныя харызматы і гісторыю ўзнікнення, тры касцёльныя супольнасці – тэрцыярыі, афрыканскія місіянеры і слугі Паракліта – з’яднаныя і дапаўняюць адна адну ў гарманічнай прыгажосці Містычнага Цела Хрыста, - адзначыў Леў XIV.

Марыя Валодзіна - Vatican News

6 чэрвеня 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў трох каталіцкіх інстытутаў: Таварыства афрыканскіх місій, Трэцяга рэгулярнага ордэна святога Францішка Асізскага і кангрэгацыі Слуг Паракліта.

Пантыфік адзначыў, што многія з прысутных на аўдыенцыі сабраліся ў Рыме для ўдзелу у генеральных капітулах – важнай падзеі ў жыцці як саміх удзельнікаў, так і ўсяго Касцёла. Ён заклікаў маліцца аб тым, каб іх кангрэгацыі і ўсе кансэкраваныя асобы маглі аб'яднаць кантэмпляцыю з апостальскім запалам.

Святы Айцец адзначыў, што нягледзячы на розны гістарычны кантэкст узнікнення трох кангрэгацый, яны з'яднаныя і дапаўняюць адна адну ў гарманічнай прыгажосці Містычнага Цела Хрыста. (Lumen gentium, 7).

Леў XIV нагадаў пра гісторыю і духоўнасць найстарэйшай з трох кангрэгацый, Трэцяга рэгулярнага ордэна святога Францішка Асізскага. Ён заклікаў яго членаў разважаць над сучаснымі выклікамі для ордэна і для ўсяго Касцёла, такімі як жыццё ў супольнасці, адукацыя і пакліканні, у святле францішканскай харызмы, якая патрабуе пастаяннага духоўнага навяртання, каб быць носьбітамі Божага слова.

Папа назваў Таварыства афрыканскіх місій, заснаванае 8 снежня 1856 года біскупам Мэльхіёрам дэ Марыёнам Брэсіякам, прыкладам таго “місіянерства, якое знаходзіцца ў самым сэрцы касцёльнага жыцця” (Evangelii gaudium, 273). Ён падкрэсліў, што шлях місіянераў – гэта сведчанне для ўсяго Касцёла, заклік быць “простымі і спакойнымі, нават перад тварам цяжкасцяў і варожасці. Свабодныя ад усякай абумоўленасці, таму што напоўненыя Хрыстом і здольныя прывесці братоў да сустрэчы з Ім, рухомыя адным імкненнем: абвяшчаць усяму свету Яго Евангелле”.

Што тычыцца місіі Слуг Паракліта, заснаванай у 1942 годзе айцом Джэралдам Фіцджэралдам, яна заключаецца ў служэнні Святому Духу праз лячэнне душэўных ран святароў. Іх “сціплая, цярплівая, далікатная і стрыманая” праца ў розных кутках свету сведчыць аб тым, што ўсе мы, у тым ліку і духавенства, – перш за ўсё людзі, усе мы ранімыя, і таму маем патрэбу ў аздараўленні, духоўнай і псіхалагічнай падтрымцы. І Касцёл павінен быць "аазісам міласэрнасці" – месцам, дзе гэта магчыма, - зазначыў Святы Айцец.

Папа падзякаваў гасцям за візіт і за тое, што іх кангрэгацыі адлюстроўваюць тры асноўныя вымярэнні прыгажосці Касцёла: прыхільнасць да навяртання, энтузіязм місіі і цяпло міласэрнасці. Благаслаўляючы прысутных, ён абяцаў маліцца, каб яны і далей былі чулымі служыцелямі Святога Духа.

06 чэрвеня 2025, 11:25