Пантыфік: Бог здзяйсняе вялікія справы праз вызваленых ад зла
Марыя Валодзіна - Vatican News
26 чэрвеня 2025 года ў Двары Сан-Дамаза ля Апостальскага палаца адбылася сустрэча Святога Айца з маладымі падапечнымі і супрацоўнікамі італьянскіх рэабілітацыйных структур, якія дапамагаюць пазбавіцца ад наркатычнай залежнасці. У падзеі прыняў удзел прадстаўнік італьянскага ўрада Альфрэда Мантавана.
У сваім звароце да гасцей Пантыфік падкрэсліў, што сэнс Юбілейнага года – стаць часам ласкі, калі да кожнага чалавека вяртаецца яго годнасць. Па яго словах, надзея – гэта не проста лозунг, а святло, якое здабываюць вялікай працай. Ён паўтарыў прывітанне, з якім Уваскрослы Езус звярнуўся да напалоханых і расчараваных вучняў: “Супакой вам”. Хрыстус знайшоў апосталаў за зачыненымі дзвярыма, прынёс ім супакой, прабачэнне і ўдыхнуў у іх Святога Духа, які ёсць дыханне Бога. Папа нагадаў, што Езус працягвае прыходзіць і сёння, часта праз людзей, якія бачаць годнасць у іншых, нават калі астатнія забыліся пра яе ці адмовілі ў ёй.
Святы Айцец назваў наркотыкі і наркаманію "нябачнай турмой". Мы шукаем радасць і супакой, але можам трапіць ў шматлікія пасткі, якія падманваюць, расчароўваюць і нават пазбаўляць нас свабоды. Паводле Святога Аўгустына, сапраўдны супакой можна знайсці толькі ў Хрысце.
Папа адзначыў, што зло перамагаюць разам, з несправядлівасцю змагаюцца разам і радасць знаходзяць усе разам. Ён нагадаў, што ад барацьбы з рознымі формамі залежнасці нельга адмовіцца, пакуль хоць адзін чалавек застаецца ў іх палоне. Наркотыкі, алкаголь і азартныя гульні – гэта велізарны бізнэс, крыніцы аграмаднага прыбытку. Занадта часта ў імя бяспекі дзяржаўныя ўлады вядуць барацьбу не з сапраўднымі злачынцамі – разгалінаванымі злачыннымі арганізацыямі, а з іх ахвярамі, напаўняючы турмы тымі, хто з'яўляецца апошнім звяном у ланцугу смерці, у той час як сапраўдныя кіраўнікі гэтага злачыннага бізнесу застаюцца беспакаранымі.
Нашы гарады павінны быць вольнымі не ад маргіналізаваных людзей, а ад маргіналізацыі, не ад людзей у роспачы, а ад самай роспачы. “Якімі ж прыгожымі з’яўляюцца гарады, якія перамаглі хваравіты недавер і інтэгруюць тых, хто адрозніваецца, робячы з гэтай інтэграцыі новы элемент развіцця! Якімі ж прыгожымі з’яўляюцца гарады, архітэктурныя планы якіх поўныя прасторы, якая лучыць, не перашкаджае адносінам, спрыяе прызнанню іншага чалавека!”, - працытаваў Папа свайго папярэдніка (Францішак, Evangelii gaudium, 210).
Леў XIV заклікаў будаваць “культуру сустрэчы як шлях да бяспекі”. Юбілей патрабуе “пераразмеркавання несправядліва назапашаных багаццяў дзеля асабістага і грамадскага прымірэння”. "Як на нябёсах, так і на зямлі". Горад Божы павінен стаць прароцтвам для зямных гарадоў, нават калі гэтая місія можа прывесці да мучаніцтва. Барацьба з наркотыкамі, адукацыя бедных, абарона карэнных народаў і мігрантаў, а таксама вернасць сацыяльнаму вучэнню Касцёла часта ўспрымаюцца як выклік існуючай сістэме, - зазначыў Папа.
Святы Айцец звярнуўся да маладых людзей, якія змагаюцца з нарказалежнасцю, назваўшы іх не гледачамі, а галоўнымі ўдзельнікамі перамен. “Бог здзяйсняе вялікія справы праз тых, каго вызваляе ад зла”, - сказаў ён, нагадаўшы, што “камень, які адкінулі будаўнікі, стаў галавою вугла”. Як Езус, адкінуты і ўкрыжаваны за брамай свайго горада, стаў краевугольным каменем, на якім Бог аднаўляе свет, так і яны могуць таксама стаць каштоўнымі камянямі ў будынку новага чалавецтва, “сведкамі таго, што перамены магчымыя”.
“Касцёл мае патрэбу ў вас. Чалавецтва мае патрэбу ў вас. Адукацыя і палітыка маюць патрэбу ў вас”, - запэўніў Пантыфік маладых людзей. Сёння ўсё грамадства патрабуе адраджэння. Усе пакліканы да свабоды, чалавечнасці і міру – гэта найвышэйшае, боскае пакліканне, - сцвердзіў Леў XIV, заклікаючы ствараць новыя структуры для аздараўлення тых, хто пакутуе на нарказалежнасць, а таксама распачынаць душпастырскія і сацыяльныя праекты, якія не выключаюць нікога.
“Маліцеся, каб маё служэнне ішло на карысць надзеі людзей і народаў, служыла ўсім”, - папрасіў Папа, благаслаўляючы гасцей і давяраючы іх матчынаму заступніцтву Марыі.