MAP

Святы Айцец украінскім грэка-католікам: раздзяляю ваш боль

Леў XIV выказаў блізкасць украінскім грэка-католікам, вера якіх падвяргаецца сур’ёзнаму выпрабаванню з прычыны вайны. Папа заклікаў іх працягваць давяраць Богу і быць носьбітамі Яго надзеі і міру.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

28 чэрвеня 2025 года Пантыфік сустрэўся ў Базіліцы Святога Пятра з удзельнікамі пілігрымкі ў Рым, арганізаванай у кантэксце Юбілейнага года Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквой.

“Ваша пілігрымка – гэта знак жадання аднавіць веру, умацаваць сувязь і еднасць з Біскупам Рыма і сведчыць пра надзею, якая не падвядзе, бо паходзіць з любові Хрыста, якая ўлітая ў нашы сэрцы Святым Духам. Юбілей заклікае нас стаць пілігрымамі гэтай надзеі на працягу ўсяго жыцця, нягледзячы на цяжкасці сучаснасці. Падарожжа ў Рым, праход праз Святую Браму і малітва каля магіл апосталаў і мучанікаў з’яўляюцца сімвалам гэтага шляху да вечнасці, дзе Пан абцерэ кожную слязу, і не будзе ўжо ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што пілігрымы прыбылі з “цудоўнай зямлі, багатай хрысціянскай верай, узмоцненай евангельскім сведчаннем многіх святых і акропленай крывёю шматлікіх мучанікаў, якія на працягу стагоддзяў, ахвяруючы сваім жыццём, засведчылі вернасць Апосталу Пятру і яго наступнікам”.

“Вера, мае дарагія – гэта скарб, якім трэба дзяліцца. Кожны час прыносіць свае цяжкасці, намаганні і выклікі, але таксама і магчымасці для ўзрастання ў даверы і адданасці Богу”, - дадаў ён.

“Цяпер вера вашага народа падвяргаецца сур’ёзнаму выпрабаванню. Шмат хто з вас ад пачатку вайны, напэўна, задаваўся пытаннямі: “Пане, чаму ўсё гэта? Дзе Ты? Што мы павінны зрабіць, каб уратаваць нашыя сем’і, нашы дамы і нашу Бацькаўшчыну?”. Верыць – не значыць ужо мець усе адказы, але спадзявацца, што Бог з намі і дорыць нам сваю ласку, што Яму належыць апошняе слова і жыццё пераможа смерць”, - сказаў Папа.

Леў XIV заахвоціў украінскіх вернікаў наследаваць Багародзіцу ў выкананні Божай волі. “Найсвяцейшая Панна Марыя, такая дарагая ўкраінскаму народу, якая праз сваё пакорнае і адважнае “так” адчыніла дзверы збаўленню свету, запэўнівае, што і наша “так”, простае і шчырае, можа стаць прыладай у руках Бога для здзяйснення вялікіх задум”, - адзначыў Пантыфік, падкрэсліўшы, што казаць “так” Богу сёння – значыць “адкрыць новыя гарызонты веры, надзеі і міру, асабліва для тых, хто перажывае гора”.

“Сёстры і браты! Прымаючы вас тут, я хачу выказаць сваю блізкасць да змучанай Украіны – да дзяцей, моладзі, пажылых людзей і асабліва да сем’яў, якія аплакваюць сваіх блізкіх. Я раздзяляю ваш боль з-за палонных і ахвяр гэтай бессэнсоўнай вайны. Давяраю Пану вашы інтэнцыі, вашы штодзённыя цяжкасці і трагедыі, а перш за ўсё – ваша імкненне да міру і супакою”, - падкрэсліў Святы Айцец, заклікаючы ўкраінскіх вернікаў і духавенства ісці разам, узіраючыся ў Езуса – наша збаўленне.
 

28 чэрвеня 2025, 12:50