Леў XIV: Бог шукае не дасканалых святароў, а гатовых любіць як Ён
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У “Сэрцы Хрыста, прабітым з любові” мы “разумеем сапраўдную тоеснасць нашага служэння: палаючыя Божай міласэрнасцю, мы з’яўляемся радаснымі сведкамі Яго любові, якая аздараўляе, падтрымлівае і збаўляе”, - напісаў святарам Леў XIV.
Пантыфік заклікаў святароў яднаць свае сэрцы з Сэрцам Хрыстовым і станавіцца будаўнікамі еднасці і міру. “У свеце, пазначаным ростам напружанасці – нават у сем’ях і касцельных супольнасцях – святар пакліканы спрыяць прымірэнню і ствараць адзінства. Быць будаўніком еднасці і міру – значыць быць пастырам, здольным на распазнанне, дасведчаным у мастацтве злучэння фрагментаў жыцця, давераных нам, каб дапамагаць людзям знаходзіць святло Евангелля сярод жыццёвых цяжкасцяў. Гэта значыць быць мудрым назіральнікам рэчаіснасці, ісці далей за імгненныя эмоцыі, страх і моду; прапаноўваць душпастырскія шляхі, што нараджаюць і аднаўляюць веру, будуюць добрыя адносіны, сувязі салідарнасці, супольнасці, у якіх ззяе стыль братэрства. Быць будаўніком еднасці і міру – значыць не навязваць сябе, а служыць. Асабліва святарскае братэрства становіцца надзейным знакам прысутнасці Уваскрослага сярод нас, калі пазначае супольны шлях нашых прэзбітэраў”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Леў XIV заклікаў святароў перад Найсвяцейшым Сэрцам Езуса аднавіць сваё “так” Богу і Яго святому народу. “Дазвольце ласцы фармаваць вас, захоўвайце полымя Святога Духа, атрыманае ў пасвячэнні, каб, з’яднаныя з Ім, вы маглі быць сакрамэнтам любові Езуса ў свеце. Не бойцеся ўласнай слабасці: Пан не шукае дасканалых святароў, але сэрцаў пакорных, адкрытых на навяртанне і гатовых любіць так, як Ён нас палюбіў”, - напісаў Пантыфік.
“Дарагія браты-святары, Папа Францішак зноў прапанаваў зрабіць набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса прасторай асабістай сустрэчы з Панам, а значыць – прасторай, куды можам прыносіць і складаць нашы ўнутраныя канфлікты і тыя, што разрываюць сучасны свет, бо “ў Ім мы здольныя ствараць здаровыя і шчаслівыя адносіны і будаваць Валадарства любові і справядлівасці ў гэтым свеце. Нашае сэрца, з’яднанае з Сэрцам Хрыста, здольнае на гэты сацыяльны цуд”, - працытаваў Леў XIV словы энцыклікі Dilexit nos.
“Падчас гэтага Святога Года, які заклікае нас быць пілігрымамі надзеі, наша служэнне будзе тым больш плённым, чым глыбей яно будзе ўкаранёным у малітве, прабачэнні, блізкасці да бедных, сем’яў і моладзі, якая шукае праўды. Не забывайце: святы святар распаўсюджвае святасць вакол сябе”, - напісаў Папа, давяраючы святароў апецы Багародзіцы.