Пантыфік сустрэўся з Камісіяй па абароне непаўналетніх
Марыя Валодзіна - Vatican News
Леў XIV не выступаў з загадзя падрыхтаваным зваротам, а ўважліва слухаў, задаваў пытанні і размаўляў з прадстаўнікамі камісіі. Пасля аўдыенцыі Папская камісія па абароне непаўналетніх апублікавала прэс-рэліз з падсумаваннем яе вынікаў. У ім гаворыцца, што сустрэча стала важным момантам разважання, дыялогу і абнаўлення непахіснай прыхільнасці Касцёла да абароны дзяцей і ўразлівых асоб.
Паведамляецца, што Камісія распрацавала праект Універсальных кіруючых прынцыпаў па абароне непаўналетніх, у цесным супрацоўніцтве з касцёльнымі іерархамі, спецыялістамі, пацярпелымі ад злоўжыванняў і душпастырамі з усяго свету. Праект дакумента прайшоў выпрабаванне і карэкціроўку з дапамогай пілотных праграм ў Тонга, Польшчы, Зімбабвэ і Коста-Рыцы. Камісія спадзяецца прадставіць Святому Айцу фінальную версію дакумента да канца 2025 года.
Акрамя таго, на аўдыенцыі Льву XIV была прадстаўлена ініцыятыва “Memorare”, накіраваная на ўмацаванне патэнцыялу мясцовых касцёлаў, асабліва ў краінах Поўдня, у галіне абароны непаўналетніх і клопату пра ахвяр злоўжыванняў.
Падчас аўдыенцыі гаворка ішла таксама пра Гадавую справаздачу камісіі за 2024 год. Сёлетняе выданне прысвечана тэме кампенсацыі як формы загойвання ран, нанесеных злоўжываннямі. Справаздача змяшчае аналіз сітуацыі ў 22 краінах і дзвюх рэлігійных кангрэгацыях.
Камісія зноў пацвердзіла сваю прыхільнасць да адзінства і калегіяльнасці сваіх членаў. Ліст, падпісаны ўсімі ўдзельнікамі пасля пленарнай асамблеі ў сакавіку 2025 года, падкрэсліў неабходнасць захавання пераемнасці ў мандатах, структуры кіравання і працоўных метадах. У ім таксама сцвярджаецца незалежнасць камісіі і яе роля надзейнага дарадцы Святога Айца.
Напрыканцы аўдыенцыі Камісія выказала падзяку дыкастэрыям Рымскай курыі за ўсё большае супрацоўніцтва і заклікала да далейшага партнёрства дзеля абароны непаўналетніх.