MAP

Святы Айцец: моладзь можа быць закваскай міру

Святы Айцец заклікаў моладзь быць закваскай міру на афрыканскім кантыненце, супрацьстаяць карупцыі, чэрпаючы сілы з малітвы, слухання Божага слова і еднасці з братамі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

16 чэрвеня 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі духавенства і вернікаў з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, якія прыехалі ў Рым з нагоды беатыфікацыі Фларыбэра Бвана Чуі Бін Косіці, што прайшла 15 чэрвеня ў Базіліцы святога Паўла па-за мурамі. У складзе дэлегацыі былі маці і сваякі новага благаслаўлёнага, а таксама члены Супольнасці святога Эгідзія, да якой ён належаў.

Мучанік, які сказаў “не” бруду карупцыі

“Гэты малады чалавек прыняў мучаніцкую смерць у Гоме 8 ліпеня 2007 года. Я ўспамінаю яго словамі дарагога Папы Францішка, скіраванымі да моладзі ў Кіншасе падчас яго Апостальскага падарожжа ў Конга: “Гэты малады чалавек, як і вы, Фларыбэр Бван Чуі, ва ўзросце ўсяго дваццаці шасці гадоў, быў забіты ў Гоме за тое, што спыніў пастаўку партыі сапсаваных прадуктаў, якія маглі пашкодзіць здароўю людзей. […] Як хрысціянін, ён маліўся, думаў пра іншых і вырашыў застацца сумленным, сказаўшы “не” бруду карупцыі. Вось што значыць трымаць рукі чыстымі, у той час як рукі тых, хто зарабляе брудным спосабам, апынаюцца запэцканыя крывёю. […] Быць сумленным – значыць свяціць удзень, распаўсюджваць святло Божае, жыць благаслаўлёнай справядлівасцю: перамагаць зло дабром!”, - нагадаў словы свайго папярэдніка Леў XIV.

Сумленне, сфармаванае малітвай

“Адкуль жа гэты малады чалавек чэрпаў сілу, каб супрацьстаяць карупцыі, што ўкаранілася ў жыццё і здольная на ўсялякі гвалт? Выбар захаваць рукі чыстымі – а ён быў работнікам мытні – саспеў у сумленні, сфармаваным малітвай, слуханнем Божага слова і еднасцю з братамі”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Любіў бедных Хрыстовай любоўю і змагаўся за мір

Пантыфік заўважыў, што Фларыбэр Бван Чуі жыў духоўнасцю Супольнасці святога Эгідзія, якая характарызуецца малітвай, увагай да бедных і клопатам пра мір.

“Бедныя мелі ключавое значэнне ў яго жыцці. Благаслаўлёны Фларыбэр быў глыбока прывязаны да дзяцей вуліц, якіх вайна прывяла ў Гому, пакінутых і сіротаў. Ён любіў іх Хрыстовай любоўю: клапаціўся пра іх і дбаў пра іх чалавечае і хрысціянскае выхаванне. Сіла Фларыбэра ўзрастала ў вернасці малітве і бедным. Адзін яго сябар успамінаў: “Ён быў перакананы, што мы нарадзіліся, каб здзяйсняць вялікія справы, каб уплываць на гісторыю, каб перамяняць рэчаіснасць”, - нагадаў Папа.

Леў XIV адзначыў, што благаслаўлёны Фларыбэр быў чалавекам міру і змагаўся за яго з лагоднасцю, служачы бедным, падтрымліваючы сяброўства і дыялог у грамадстве, разарваным падзеламі.

Ніводная зямля не з’яўляецца пакінутай Богам

“Гэты малады чалавек, які не змірыўся са злом, меў мару, якая сілкавалася словамі Евангелля і блізкасцю з Панам. Многія маладыя людзі адчувалі сябе пакінутымі і не мелі надзеі, але Фларыбэр слухаў слова Езуса: “Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас”. Ніводная зямля не з’яўляецца пакінутай Богам! Ён заклікаў сваіх сяброў не апускаць рукі і не жыць толькі для сябе. Нягледзячы ні на што, ён выпраменьваў надзею на будучыню, кажучы: “Пан рыхтуе новы свет, дзе больш не будзе вайны, дзе нянавісць знікне, дзе гвалт не прыйдзе як злодзей уначы... дзе дзеці будуць расці ў міры. Таму давайце жыць не дзеля пустога, а дзеля гэтай вялікай мары!”, - нагадаў Папа.

Моладзь можа быць закваскай міру

“Гэты афрыканскі мучанік, на кантыненце, багатым моладдзю, паказвае, як маладыя могуць быць закваскай “бяззбройнага і абяззбройваючага міру”. Гэты кангалезскі вернік падкрэслівае вялікую каштоўнасць сведчання свецкіх і моладзі. Няхай жа праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і благаслаўлёнага Фларыбэра як мага хутчэй наступіць такая жаданая мірная будучыня для Ківу, Конга і ўсёй Афрыкі!”, - завяршыў прамову Пантыфік.
 

16 чэрвеня 2025, 11:49