Святы Айцец: вернасць Евангеллю знаходзіць выраз у служэнні
Аляксандр Панчанка - Vatican News
20 чэрвеня 2025 года Леў XIV сустрэўся з удзельнікамі генеральных капітулаў Ордэна Меншых Братоў Канвентуальных і Ордэна Найсвяцейшай Тройцы, адзначыўшы ўзаемадапаўняльнасць харызматаў, важнасць вернасці Евангеллю і служэння тым, каго пераследуюць за веру.
Святы Пасад служыць усім харызматам
Пантыфік адзначыў, што сумесная аўдыенцыя для францішканаў і трынітарыяў нагадала яму пра фрэску ў апсідзе Базілікі Святога Яна на Латэране, на якой намалявана, як Папа Інакенцій ІІІ прымае разам святога Францішка і святога Жана дэ Мату, каб “ушанаваць іх вялікі ўклад у рэфармаванне манаскага жыцця”.
На фрэсцы святы Францішак стаіць на каленях з вялікай адчыненай кнігай, просячы дазволіць жыць паводле Евангелля без тлумачэнняў, а святы Жан – з рэгулай, якую склаў разам з Папам. Францішак дэманструе паслухмянасць Касцёлу, прадстаўляючы сваю задуму не як уласную, а як Божы дар, а Жан дэ Мата паказвае тэкст, зацверджаны пасля роздумаў і распазнання.
“Паміж гэтымі двума падыходамі няма супярэчнасці, яны асвятляюць адзін аднаго і сталі арыенцірам для служэння, якое з тых часоў Святы Пасад здзяйсняе на карысць усіх харызматаў”, - падкрэсліў Папа.
Дары на службе Касцёлу
“Бог натхніў гэтых двух святых не толькі на духоўны шлях служэння, але і на жаданне падзяліцца з Наступнікам Пятра дарам, атрыманым ад Духа, каб паставіць яго на службу Касцёлу”, - дадаў Святы Айцец.
Леў XIV заўважыў, што прадстаўнікі абедзвюх манаскіх супольнасцей пакліканы наследаваць Езуса без усялякіх умоў і “нечага схаванага ў кішэні і сэрцы”, а такая адданасць павінна знаходзіць выраз у служэнні, асабліва тых, хто пакліканы кіраваць манаскай супольнасцю, нагадаў Пантыфік.
Суцяшаць тых, каго пераследуюць за веру, і дбаць пра інтарэсы Хрыста
Звяртаючыся да трынітарыяў, Пантыфік нагадаў, што місія гэтага ордэна спрадвеку звязана з “суцяшэннем тых, хто не можа свабодна жыць сваёй верай”. “На працягу гэтых месяцаў вы ўзносілі малітву ў гэтай інтэнцыі, натхняючыся словамі святога Паўла: “Усяляк уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя; мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы” (2 Кар 4,9). Я далучаюся да гэтай малітвы і таксама прашу Трыадзінага Бога, каб гэта было адным з плёнаў вашай асамблеі: каб вы ніколі не пераставалі памятаць у малітве і штодзённай працы пра тых, каго пераследуюць за веру”, - сказаў Папа, нагадваючы словы святога Аўгустына пра тое, што гэта пакутуючая частка Касцёла з'яўляецца часткай самаго Бога.
У звароце да францішканаў Святы Айцец падкрэсліў, што яны пакліканы перш за ўсё клапаціцца “пра інтарэсы Хрыста”, захоўваць паслухмянасць Святому Духу і “быць жывым напамінам пра першаснасць хвалы Бога ў хрысціянскім жыцці”.