MAP

Пантыфік: манаскае жыццё нагадвае Касцёлу пра першаснасць Бога

Евангелле, прынятае цалкам, “ніколі не перастане распаўсюджваць водар сваёй прыгажосці”, - запэўніў Пантыфік падчас сустрэчы з духоўнымі сынамі святога Бэнэдыкта.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

28 чэрвеня 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў генеральнага капітула Валамбразіянскай кангрэгацыі – адгалінавання Ордэна святога Бэнэдыкта. Супольнасць была заснавана ў 1039 годзе святым Джавані Гуальбэртам у італьянскай мясцовасці Валамброза, недалёка ад Фларэнцыі.

Пантыфік падзякаваў сваім гасцям за дар іх манаскага жыцця, падкрэсліўшы, што ён нагадвае ўсяму Касцёлу пра першаснасць Бога як крыніцы радасці і перамены чалавека і грамадства.

Леў XIV нагадаў, што кангрэгацыя ўзнікла як адказ святога Джавані Гуальбэрта на пакліканне да больш евангельскага жыцця. Гэты прыклад, на яго думку, застаецца актуальным і ў наш час глабальных перамен. “Гаворка ідзе не пра тое, каб пазбягаць выклікаў нашага часу, а пра тое, каб жыць у іх з глыбінёй тых, хто ўмее маўчаць і слухаць слова Бога, каб нараджаць Яго ў культуры, якая змяняецца”, - казаў Папа.

Святы Айцец запэўніў законнікаў, што Евангелле, прынятае цалкам, “ніколі не перастане распаўсюджваць водар сваёй прыгажосці”, нават нягледзячы на тое, што “мы часта менш моцныя, чым у мінулым, не такія маладыя і шматлікія, а часам параненыя чалавечымі абмежаваннямі і памылкамі”.

“Няхай нішто не адцягвае вас ад першапачатковай патрэбы рэфармаваць, абнаўляць і рабіць простым тое хрысціянскае жыццё, якое яшчэ здольнае пашыраць гарызонты і дыханне кожнага чалавечага існавання”, - дадаў Леў XIV.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей і надалей спрыяць абнаўленню Касцёла ў духу Другога Ватыканскага Сабору, што вымагае ад манахаў пераадолення засяроджанасці на сабе, большай беднасць і слухання бедных, а таксама ўмацавання повязяў еднасці. “Асабліва еднасць з іншымі кангрэгацыямі сыноў і дачок святога Бэнэдыкта няхай дапаможа вам заставацца вернымі Рэгуле і весці дыялог з сучасным светам”, - сказаў Папа, падкрэсліўшы, што людзі заўсёды шукаюць духоўнасці, якая злучае ў штодзённым жыцці малітву, працу і радасць.
 

28 чэрвеня 2025, 11:43