MAP

Леў XIV касцельным рухам: заўсёды стаўце ў цэнтр Хрыста

Хрысціянскае жыццё не пражываецца ў ізаляванасці, а разам з іншымі – у групе, у супольнасці, бо ўваскрослы Хрыстус становіцца прысутным сярод вучняў, сабраных у Яго імя, нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

6 чэрвеня 2025 года Леў XIV прыняў у Ватыкане ўдзельнікаў сустрэчы мадэратараў асацыяцый свецкіх вернікаў, касцельных рухаў і новых супольнасцяў, арганізаванай Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Асацыяцыйнае жыццё і харызматы – дар для Касцёла

Пантыфік падкрэсліў, што арганізацыі і супольнасці, прадстаўленыя на аўдыенцыі, важныя для Касцёла і нагадваюць пра тое, што хрысціянінам нельга быць у адзіночку. “Хрысціянскае жыццё не пражываецца ў ізаляванасці, быццам гэта інтэлектуальная або сентыментальная прыгода, замкнёная ў нашым розуме і сэрцы. Яно пражываецца разам з іншымі – у групе, у супольнасці, бо ўваскрослы Хрыстус становіцца прысутным сярод вучняў, сабраных у Яго імя”, - нагадаў Святы Айцец.

Леў XIV адзначыў, што шматлікія харызматы ў Касцёле з’яўляюцца дарамі Святога Духа, каб “сакрамэнтальная ласка прыносіла плён у хрысціянскім жыцці разнастайным чынам і на ўсіх яго ўзроўнях”.

“Дзякуючы харызматам, якія далі пачатак вашым супольнасцям, многія людзі наблізіліся да Хрыста, знайшлі надзею ў жыцці, адкрылі для сябе мацярынства Касцёла і жадаюць атрымаць дапамогу ва ўзрастанні ў веры, супольным жыцці, учынках міласэрнасці і праз евангелізацыю несці іншым той дар, які атрымалі”, - дадаў Папа.

Адзінства і місіянерства ў еднасці з Папам

Пантыфік нагадаў, што прыярытэтамі місіі Наступніка святога Пятра з’яўляюцца адзінства і місіянерства ў Касцёле. “Таму заклікаю асацыяцыі і касцельныя рухі верна і шчодра супрацоўнічаць з Папам, асабліва ў гэтых двух сферах”, - сказаў ён.

Леў XIV заклікаў сваіх гасцей быць “закваскай адзінства”, у тым ліку ў свеце, разарваным падзеламі і гвалтам, а таксама спрыяць развіццю місіянерскай дзейнасці Касцёла, бо “рухі і сёння маюць фундаментальную ролю ў евангелізацыі”. “Пастаўце свае таленты на служэнне місіі як у месцах першай евангелізацыі, так і ў парафіях і мясцовых касцельных структурах, каб дасягнуць многіх, хто знаходзіцца далёка і, часам, самі таго не ведаючы, чакаюць Слова жыцця”, - заахвоціў Святы Айцец.

Заўсёды ставіць у цэнтр Хрыста!

“Дарагія, я рады сёння ўпершыню сустрэцца з вамі. Калі будзе на тое Божая воля, мы яшчэ будзем мець іншыя магчымасці, каб лепш пазнаёміцца. Але ўжо цяпер хачу заахвоціць вас працягваць шлях: заўсёды стаўце ў цэнтр Пана Езуса! Гэта – найгалоўнейшае, і менавіта дзеля гэтага існуюць харызматы. Харызматы служаць сустрэчы з Хрыстом, развіццю і сталенню чалавека – як у чалавечым, так і ў духоўным вымярэнні, – а таксама будаванню Касцёла. У гэтым сэнсе ўсе мы пакліканыя наследаваць Хрыста, які выракся самога сябе, каб узбагаціць нас (пар. Флп 2,7). Таму кожны, хто разам з іншымі выконвае апостальскую мэту або з’яўляецца носьбітам харызмата, пакліканы ўзбагачаць іншых, выракаючыся сябе. І гэта – крыніца свабоды і вялікай радасці”, - падкрэсліў на заканчэнне прамовы Папа.
 

06 чэрвеня 2025, 11:04