MAP

Паола Угас і айцец Жордзі Бертамеу падчас чытання паслання Льва XIV Паола Угас і айцец Жордзі Бертамеу падчас чытання паслання Льва XIV 

Пантыфік: калі журналіста прымушаюць замаўчаць, слабее дэмакратыя

З 3 па 29 чэрвеня 2025 года на сцэне тэатра “Плаца” ў Ліме ідзе спектакль “Праект Угас”, прысвечаны перуанскай журналістцы Паоле Угас. З гэтай нагоды Леў XIV даслаў пасланне ў падтрымку журналістаў, якія вядуць барацьбу са злоўжываннямі ў Касцёле.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папскае пасланне зачытаў 21 чэрвеня ў тэатры айцец Жордзі Бертамеу, апостальскі камісар у Перу. У ім Папа выказвае ўдзячнасць аўтарам спектакля. "Ваша барацьба за справядлівасць – гэта і барацьба Касцёла”, – адзначыў ён.

Журналістка Паола Угас набыла ў Лацінскай Амерыцы вядомасць дзякуючы расследаванню злоўжыванняў у каталіцкай супольнасці "Садаліцыя хрысціянскага жыцця" (Sodalitium Christianae Vitae). Разам з калегам Пэдра Салінасам яна апублікавала ў 2015 годзе кнігу сведчанняў ахвяр сексуальнага насілля. У выніку працы Паолы Угас перуанская пракуратура ініцыявала расследаванне адносна гэтага руху, а Папа Францішак прыняў у студзені 2025 года рашэнне аб яго роспуску.

Леў XIV, добра знаёмы з перуанскай сітуацыяй, падкрэсліў, што ў Касцёле не павінна быць месца аніякім формам злоўжывання: ні ўладай, ні аўтарытэтам, ні сумленнем, ні духоўнасцю, ні сексуальнаму гвалту. Ён выказаў падзяку арганізатарам тэатральнага прадстаўлення, назваўшы яго не проста спектаклем, а “актам справядлівасці”.

Святы Айцец асабліва падзякаваў Паоле Угас за яе мужнасць і рашучасць. Пасля шматлікіх несправядлівых нападаў, пагроз і пераследу ў лістападзе 2022 года яна звярнулася да Францішка з просьбай аб падтрымцы для сябе і трох калег.

У сваім пасланні Леў XIV падкрэсліў, што праўда не належыць нікому, гэта не прыватная ўласнасць, а агульная адказнасць. Кожны абавязаны шукаць, ахоўваць і служыць ісціне. Ён нагадаў, што свабода прэсы з’яўляецца асновай дэмакратыі, і калі “журналіста прымушаюць замаўчаць, слабее дэмакратычная душа краіны”.

Папа выказаў надзею на тое, што пастаноўка дапаможа абудзіць сэрцы і сумленні, а таксама садзейнічаць стварэнню Касцёла, у якім “ніхто ніколі больш не будзе пакутаваць у маўчанні, а ісціна не будзе ўспрымацца як пагроза, але як шлях да вызвалення”.

Афіша спектакля "Праект Угас"
Афіша спектакля "Праект Угас"
21 чэрвеня 2025, 13:34