MAP

Пантыфік да семінарыстаў: даверцеся Богу без страху

Бязмежна давераць Богу не толькі падчас вучобы ў семінарыі, але і на працягу ўсяго жыцця, асабліва ў цяжкія моманты, заахвоціў Папа семінарыстаў дыяцэзіі Трывэнета, з якімі сустрэўся 25 чэрвеня 2025 года з нагоды юбілейнай пілігрымкі ў Рым.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Леў XIV заклікаў будучых святароў захоўваць і абнаўляць багатую хрысціянскую спадчыну сваёй зямлі. Рэгіён Трывэнета можа ганарыцца глыбокімі хрысціянскімі каранямі, якія бяруць пачатак у старажытным Касцёле Аквілеі. Веру на гэтай зямлі распаўсюджвалі шматлікія святыя і пакутнікі: біскуп Храмацый, святыя Іеранім і Руфін, благаслаўлёныя Туліа Маруца і Джавані Ск’ява.

Папа заклікаў семінарыстаў з мужнасцю працягваць распачатую імі справу евангелізацыі, не баяцца цяжкасцяў і паступова ісці за Хрыстом. “Нават анёлы, якіх убачыў у сваім сне Якуб, не лёталі, а ішлі крок за крокам, не кажучы ўжо пра нас, безкрылых людзей”, - нагадаў ён словы Папы Яна Паўла I.

Пантыфік заахвоціў семінарыстаў давяраць Богу і не спадзявацца толькі на сябе, як гэтаму вучыць святы Аўгустын. У сваіх “Споведзяхĝ айцец Касцёла апісвае ўнутраную барацьбу: з аднаго боку, жаданне абраць Хрыста, з другога – сумневы і спакусы, якія яго стрымлівалі. У адзін з такіх момантаў ён пайшоў у сад, каб паразважаць, і там яму з'явілася ўвасобленая цнота ўстрыманасці, якая заклікала яго перастаць спадзявацца на сябе і без страху даверыцца Богу. ("Споведзі" VIII, 27).

Леў XIV заўважыў, што гэтыя словы важныя не толькі для разумення цноты цэлібату, але і ўсяго жыццёвага шляху святара. Яны вучаць бязмежнаму даверу да Бога не толькі падчас вучобы ў семінарыі, але і на працягу ўсяго жыцця, асабліва ў цяжкія моманты. Папа заахвоціў семінарыстаў заўсёды “чэрпаць новую энергію для духоўнага жыцця і пастырскай дзейнасці” з крыніцы Божага Слова і Сакрамэнтаў.

Пантыфік заклікаў семінарыстаў не лічыць сябе самотнымі і не замыкацца ў сабе. І хоць кожны з іх адказны за сваю ўласную фармацыю, гэта не азначае, што ён павінен ісці гэтым шляхам адзін. Святы Айцец заахвоціў гасцей да еднасці з іншымі, асабліва з таварышамі па семінарыі, давяраць настаўнікам і памятаць, што Касцёл падтрымлівае іх на гэтым шляху, асабліва ў асобе біскупа.

Напрыканцы прамовы Папа нагадаў семінарыстам пра “самае галоўнае”: сяброўства з Езусам. Ён працытаваў англійскага прэзбітэра Роберта Х'ю Бэнсана (1871-1914), які пасля навяртання ў каталіцызм казаў, што “Езус Хрыстус жадае быць нашым сябрам”. Менавіта ўсведамленне гэтага сяброўства было сакрэтам многіх святых. Папа Францішак у энцыкліцы “Dilexit nos” заклікае “не саромецца прызнаваць сваё сяброўства з Панам” і з адвагай сведчыць пра яго іншым. Сустрэча з Езусам змяняе жыццё і дае нам моц і радасць абвяшчаць Евангелле ўсім, - сцвердзіў Леў XIV.

25 чэрвеня 2025, 11:19