Новы пасол Беларусі ўручыў даверчыя граматы Льву XIV
Марыя Валодзіна - Vatican News
Падзея з’яўляецца важным крокам на шляху развіцця двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Святым Пасадам.
Юрый Амбразевіч быў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе 27 сакавіка 2025 года. Ён мае багаты дыпламатычны досвед.
Новы пасол нарадзіўся 25 лютага 1975 года ў Мінску і з'яўляецца выпускніком юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы ў 1997 годзе пачаў працаваць у дагаворна-прававым упраўленні Міністэрства замежных спраў Беларусі. Займаў пасады ў пасольствах нашай краіны ў Бельгіі і Люксембургу, а таксама ў прадстаўніцтвах пры НАТА і ЕС. У 2013-2015 гадах быў выканаўчым сакратаром Нацыянальнай камісіі Беларусі пры ЮНЕСКА.
У 2015 годзе Юрый Амбразевіч быў прызначаны Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. У 2017 годзе быў сустаршынёй Сацыяльнага форума Савета па правах чалавека ААН. У 2019 - 2021 выконваў абавязкі старшыні Эканамічнай камісіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый для Еўропы. У 2022 годзе быў прызначаны намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Юрый Амбразевіч праваслаўны. Ён жанаты і мае дваіх дзяцей. Валодае беларускай, рускай, англійскай і французскай мовамі.