Папа: я заўсёды меў пры сабе прыёмнік, каб слухаць Ватыканскае радыё
Аляксандр Панчанка – Vatican News
19 чэрвеня 2025 года Леў XIV нечакана наведаў цэнтр вяшчання Ватыканскага радыё ў Санта-Марыя-дзі-Галерыя пад Рымам. Пры выхадзе з тэрыторыі радыёцэнтра ён адказаў на некалькі пытанняў журналістаў італьянскага тэлебачання RAI.
“Добрае слова” Ватыканскага радыё
Пантыфік прызнаўся, што часта слухаў Ватыканскае радыё ў Лацінскай Амерыцы, у тым ліку калі знаходзіўся высока ў гарах, дзе не было іншых магчымасцяў кантакту са светам.
“Я заўсёды меў пры сабе невялікі прыёмнік. Таксама і пазней, калі, як генеральны настаяцель аўгустыніянаў, быў у розных краінах Афрыкі, увечары я заўсёды мог пачуць навіны і “добрае слова”. Служэнне, якое выконвае Ватыканскае радыё – вельмі важнае”, - сказаў Папа.
Прыклад для ўсяго свету
Святы Айцец заўважыў, што даўно хацеў убачыць ватыканскі цэнтр радыёвяшчання, адкрыты падчас пантыфікату Пія XII у 1957 годзе. Ён нагадаў, што Папа Францішак прыняў рашэнне пабудаваць тут сонечную электрастанцыю, якая павінна цалкам забяспечваць Ватыкан электраэнергіяй. Аднак для рэалізацыі гэтага праекта неабходна яшчэ заключыць адпаведныя дамовы з італьянскай дзяржавай.
Пантыфік падкрэсліў, што гэтай ініцыятывай Касцёл хоча даць прыклад усяму свету: “Мы ўсе ведаем пра наступствы кліматычных змен, і таму трэба сапраўды клапаціцца пра ўвесь свет, пра ўсё стварэнне, як выразна вучыў нас Папа Францішак”, - дадаў ён.
Гіне шмат нявінных людзей
‘Адказваючы на пытанне пра сітуацыю ў свеце, Святы Айцец падкрэсліў, што ўдзень і ўначы сочыць за яе развіццём. “Гаворка ідзе найперш пра Блізкі Усход, але не толькі”, - адзначыў ён і дадаў: “Я зноў хачу заклікаць да міру, любым коштам пазбягаць ужывання зброі і імкнуцца да дыялогу з дапамогай дыпламатычных сродкаў. Мы павінны разам шукаць рашэнні, бо гіне вельмі шмат нявінных людзей”.