MAP

Леў XIV: сяброўства з Хрыстом – падмурак святарскага служэння

Сапраўднае святарства нараджаецца з сяброўства з Хрыстом, якое дае сілу, натхненне і сэнс служэнню, адзначыў Папа, заклікаючы святароў да глыбокіх адносін з Панам, братэрства паміж сабой і руплівага служэння Божаму народу.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

26 чэрвеня 2025 года Леў XIV прыняў удзел у міжнароднай сустрэчы пад назвай “Шчаслівыя святары – “Я ж назваў вас сябрамі” (Ян 15,15)”, якая прайшла ў рымскай зале “Auditorium Conciliazione” па ініцыятыве Дыкастэрыі па справах духавенства. У ёй бралі ўдзел душпастыры, адказныя за фармацыю будучых святароў.

Словы Езуса “Я ж назваў вас сябрамі” – гэта “сапраўдны ключ да разумення святарскага служэння”, бо “святар – сябар Пана, пакліканы да асабістых, поўных даверу адносін з Ім, якія сілкуюцца Божым словам, цэлебрацыяй сакрамэнтаў і штодзённай малітвай”, - сказаў Пантыфік.

“Гэта сяброўства з Хрыстом з’яўляецца духоўным падмуркам святарства, сэнсам нашага цэлібату і крыніцай энергіі для касцёльнага служэння, якому мы прысвячаем сваё жыццё. Яно падтрымлівае нас у хвіліны выпрабаванняў і дазваляе кожны дзень аднаўляць тое “так”, якое мы прамовілі на пачатку свайго служэння”, - дадаў Святы Айцец.

Дапамагаць святарам станавіцца сябрамі Езуса

Пантыфік пажадаў, каб дапамога ўзрастанню ў сяброўстве з Панам была адным з элементаў падрыхтоўкі будучых святароў. У першую чаргу гэта павінна адбывацца праз навучанне асабістым адносінам з Езусам, якое ахоплівае сэрца, розум і волю. “Толькі той, хто жыве ў сяброўстве з Хрыстом і прасякнуты Яго Духам, можа абвяшчаць з праўдзівасцю, суцяшаць са спачуваннем, весці з мудрасцю”, - сцвердзіў Папа.

Леў XIV падкрэсліў, што стаць сябрамі Хрыста – значыць жыць як браты паміж святарамі і біскупамі, а не як супернікі ці індывідуалісты. Таму фармацыя павінна спрыяць будаванню трывалых сувязяў у прэзбітэраце. “Як мы можам быць будаўнікамі жывых супольнасцей, калі паміж намі самімі не пануе сапраўднае і шчырае братэрства?”, - прапанаваў задумацца Пантыфік.

Папа таксама адзначыў, што фармаваць святароў – сяброў Хрыста – значыць разам фармаваць людзей, здольных любіць, слухаць, маліцца і служыць. Для гэтага асабліва важна, каб прыклад жыцця і адзінства паказвалі самі семінарыйныя выхавацелі.

Бог працягвае клікаць

Святы Айцец заўважыў, што “нягледзячы на знакі крызісу, якія закранаюць жыццё і місію святароў, Бог працягвае клікаць і застаецца верным сваім абяцанням”. Таму “неабходна, каб існавалі адпаведныя прасторы для слухання Яго голасу”, а таксама “асяроддзі і формы душпастырства моладзі, прасякнутыя Евангеллем, у якіх пакліканні да поўнага дару сябе могуць выявіцца і саспець”.

Аднавіць місіянерскі запал

Пантыфік нагадаў, што сустрэча адбываецца напярэдадні ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якому Папа Францішак прысвяціў энцыкліку “Dilexit nos”, скіраваную ў асаблівы спосаб да святароў. Гэты дакумент заклікае гарманічна спалучаць містыку і сацыяльную адказнасць, сузіранне і дзейнасць, цішыню і абвяшчэнне.

“Наш час кідае нам выклік: многія, здаецца, адышлі ад веры, і ўсё ж у глыбіні сэрца многіх людзей, асабліва маладых, хаваецца прага бясконцасці і жаданне збаўлення”, - падкрэсліў Леў XIV, заклікаючы духавенства аднавіць місіянерскі запал, каб праз служэнне святароў сам Бог клапаціўся пра свой статак: шукаў тых, хто згубіўся, нахіляўся над параненымі, падтрымліваў засмучаных. Папа адзначыў, што праз узрастанне ў веры святары становяцца надзейнымі сведкамі паклікання, якое атрымалі.

Мы не дасканалыя, але сябры Хрыста

Леў XIV выказаў падзяку святарам за адданае служэнне, асабліва ў месцах фармацыі, на экзістэнцыяльных перыферыях і ў складаных, часам небяспечных асяроддзях. Успамінаючы пра святароў, якія аддалі сваё жыццё, ён прапанаваў аднавіць гатоўнасць да канца прысвяціць сябе апостальству спачування і радасці.

“Дзякуй вам за тое, кім вы з’яўляецеся! Бо вы нагадваеце ўсім, як цудоўна быць святаром і што кожнае пакліканне Пана – гэта перадусім пакліканне да Яго радасці. Мы не з’яўляемся дасканалымі, але мы сябры Хрыста, браты паміж сабой і дзеці Яго пяшчотнай Маці Марыі – і гэтага нам дастаткова”, - сказаў Папа, заклікаўшы святароў прасіць Бога аб ласцы быць місіянерскімі вучнямі і пастырамі паводле Яго волі: шукаць заблуканых, служыць бедным і з пакорай весці тых, хто ім даручаны.
 

26 чэрвеня 2025, 17:24