MAP

Папа святарам: любіце Сэрцам Езуса і нясіце ў свет Яго супакой

Святы Айцец заклікаў святароў ісці за прыкладам Добрага Пастыра, рабіць Касцёл закваскай адзінства ў свеце і не зачароўвацца мадэлямі поспеху і прэстыжу, наследуючы святых.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

27 чэрвеня 2025 года Леў XIV узначаліў святую Імшу ў Базіліцы Святога Пятра з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Дня малітвы аб святасці святароў. Падчас літургіі ён удзяліў сакрамэнт прэзбітэрскага пасвячэння трыццаці двум дыяканам.

“Казаць пра Сэрца Хрыста ў гэтым кантэксце – значыць казаць пра ўсю таямніцу ўцелаўлення, смерці і ўваскрасення Пана, давераную асаблівым чынам нам, каб мы рабілі яе прысутнай у свеце”, - сказаў Папа, прапануючы паразважаць над тым, як святары могуць зрабіць уклад у гэтую справу збаўлення.

Наследаваць прыклад Добрага Пастыра

Пантыфік заклікаў у першую чаргу наследаваць прыклад Божага Пастыра, які клапоціцца пра статак: “шукае тых, хто згубіўся, лечыць параненых, падтрымлівае слабых і хворых”. У “часы вялікіх і жудасных канфліктаў” трэба памятаць, што любоў Пана – паўсюдная, і “ў Яго вачах – а значыць і ў нашых – няма месца для падзелаў і нянавісці ніякага роду”, - дадаў Святы Айцец.

Штодзённае навяртанне

Леў XIV заахвоціў святароў давярацца ператваральнаму дзеянню Духа Бога на штодзённым шляху навяртання і супрацоўнічаць з Ім, ставячы ў цэнтр свайго жыцця Эўхарыстыю, рэгулярна прыступаючы да сакрамэнтаў, асабліва да споведзі, а таксама практыкуючы малітву, разважанне над Божым словам і ўчынкі міласэрнасці.

Любіць Хрыстовым Сэрцам

Папа нагадаў, што Бог радуецца вяртанню ў статак нават адной авечкі, і гэта павінна быць радасцю кожнага пастыра, які любіць Ягоным Сэрцам. Ён заклікаў “жыць пастырскай любоўю з вялікадушнасцю Айца, узрошчваючы ў сабе Яго жаданне – каб ніхто не загінуў, і ўсе пазналі Хрыста і атрымалі ў Ім вечнае жыццё”.

“Гэта заклік глыбока яднацца з Езусам, быць насеннем згоды сярод братоў, браць на плечы тых, хто згубіўся, дараваць тым, хто памыліўся, шукаць тых, хто адышоў або быў выключаны, лячыць тых, хто церпіць у целе і душы, у вялікім абмене любоўю, што нараджаецца з прабітага боку Укрыжаванага, ахоплівае ўсіх людзей і напаўняе свет. Папа Францішак пісаў пра гэта: “З раны ў боку Хрыста цячэ тая рака, якая ніколі не вычэрпваецца, не прамінае, няспынна дае сябе тым, хто хоча любіць. Толькі Ягоная любоў можа зрабіць магчымым новае чалавецтва”, - нагадаў Леў XIV.

Весці ўсіх да адзінства ў любові

Папа адзначыў, што святарскае служэнне – гэта служэнне асвячэння і прымірэння дзеля адзінства Цела Хрыстовага. Ён заклікаў святароў прыкладаць усе намаганні, каб “весці ўсіх да адзінства ў любові”, а таксама клапаціцца пра еднасць у прэзбітэраце. “Чым большая будзе еднасць паміж намі, тым больш зможам прывесці і іншых у статак Добрага Пастыра, каб жыць як браты ў адным доме Айца”, - дадаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што падчас Імшы на пачатку свайго пантыфікату выказаў пажаданне, каб Касцёл быў з’яднаным і станавіўся закваскай прымірэння ў свеце. “І сёння я хачу зноў падзяліцца гэтым жаданнем з вамі: прыміраныя, з’яднаныя і ператвораныя любоўю, якая ў поўнай меры цячэ з Сэрца Хрыста, пойдзем разам Яго шляхам – пакорныя і рашучыя, цвёрдыя ў веры і адкрытыя на ўсіх у любові – будзем несці ў свет супакой Уваскрослага з той свабодай, якая нараджаецца з ведання, што з’яўляемся любімымі, выбранымі і пасланымі Айцом”, - заахвоціў Леў XIV.

Парада новым святарам

Напрыканцы гаміліі Папа звярнуўся да святароў, якім затым удзяліў сакрамэнт пасвячэння: “Хачу сказаць вам некалькі простых, але важных рэчаў для вашай будучыні і для душаў, якія будуць вам даручаны. Любіце Бога і братоў, будзьце шчодрымі, гарачымі ў цэлебрацыі сакрамэнтаў, у малітве, асабліва ў адарацыі, і ў служэнні; будзьце блізкімі да свайго статку, аддавайце свой час і сілы ўсім, не шкадуючы сябе, не робячы розніцы – як вучыць нас прабіты бок Укрыжаванага і прыклад святых. І памятайце, што Касцёл у сваёй тысячагадовай гісторыі меў і дагэтуль мае цудоўныя постаці святарскай святасці: пачынаючы з першых хрысціянскіх супольнасцяў, ён выхоўваў і пазнаваў сярод сваіх святароў мучанікаў, нястомных апосталаў, місіянераў і чэмпіёнаў любові. Беражыце гэта багацце: цікаўцеся іх гісторыямі, вывучайце іх жыццё і справы, пераймайце іх цноты, няхай вас запальвае іх руплівасць, часта і настойліва прасіце аб іх заступніцтве! Наш свет занадта часта прапануе сумнеўныя і павярхоўныя мадэлі поспеху і прэстыжу. Не дазваляйце, каб яны вас зачаравалі! Глядзіце лепш на трывалае сведчанне і плён апостальства тых, хто, часта непрыкметна і сціпла, служыў Пану і братам з верай і адданасцю, і захоўвайце іх памяць сваёй вернасцю”, - заклікаў Святы Айцец.
 

27 чэрвеня 2025, 10:02