Папа Леў XIV святарам: выклікі – нагода для сведчання
Аляксандр Панчанка - Vatican News
12 чэрвеня 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане духавенства Рымскай дыяцэзіі. “Я вельмі жадаў сустрэцца з вамі, каб бліжэй пазнаёміцца і распачаць шлях, якім мы будзем ісці разам”, - сказаў Святы Айцец, выказаўшы падзяку святарам за служэнне, якое яны выконваюць з самаадданасцю, нярэдка перажываючы пакуты і непаразуменні.
Папа звярнуў увагу на асаблівасць Рымскай дыяцэзіі, звязаную з прысутнасцю вялікай колькасці прадстаўнікоў духавенства з розных частак свету, якія прыбываюць у Рым на вучобу. Гэта накладае адбітак на душпастырскае жыццё, рысамі якога з’яўляюцца паўсюднасць і неабходнасць узаемнага прыняцця.
Адзінства і любоў да дыяцэзіі
Святы Айцец заўважыў, што тэма адзінства яму асабліва дарагая. “У так званай “святарскай” малітве, як вядома, Езус прасіў Айца, каб Яго вучні былі адно. Пан добра ведае, што толькі ў еднасці з Ім і паміж сабой мы можам прыносіць плён і быць пераканаўчымі для свету”, - сказаў ён.
Пантыфік адзначыў, што святар пакліканы быць “чалавекам адзінства”, якім павінен жыць і падтрымліваць яго, нягледзячы на агульную “культурную атмасферу”, што спрыяе ізаляцыі і засяроджанасці на сабе. “Ніхто з нас не застрахаваны ад гэтых пагроз, якія падрываюць трываласць духоўнага жыцця і моц нашага служэння”, - дадаў ён.
Леў XIV падкрэсліў, што акрамя знешняга кантэксту, еднасць і братэрства могуць аслабляць і “унутраныя” перашкоды – стома, непаразуменні, недаслуханасць у самім асяроддзі духавенства. У гэтым кантэксце Папа параіў чэрпаць сілы з насычанага духоўнага жыцця, сустрэчы з Панам і слухання Яго Слова. Важна таксама будаваць “сяброўскія адносіны, спаборнічаючы ва ўзаемнай пашане” і “адчуваць патрэбу ў іншых”, робячы такім чынам уклад на карысць еднасці Касцёла.
“Еднасць павінна выражацца ў прыхільнасці да дыяцэзіі – імкненні падтрымліваць яе рознымі харызматамі і формамі служэння, але з сэрцам, якое намагаецца быць часткай аднаго цела, галавой якога ёсць Хрыстус”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Узорнасць і празрыстасць у святарскім жыцці
Другой тэмай, якую закрануў Пантыфік, стала узорнасць. У гэтым кантэксце Папа ў чарговы раз падкрэсліў важнасць “празрыстасці жыцця” для святара. “Прашу вас з бацькоўскім і пастырскім сэрцам: давайце ўсе прыкладзём намаганні, каб быць святарамі пераканаўчымі і ўзорнымі!”, - сказаў Леў XIV, нагадаўшы, што Пан ведае пра слабасці кожнага чалавека і заўсёды дае надзвычайную ласку сваім слугам, каб яны заставаліся вернымі.
“Ніхто з нас не абаронены ад спакусаў гэтага свету, і горад з яго шматлікімі прапановамі можа аддаліць нас ад жадання святога жыцця, схіляючы на больш нізкі ўзровень, дзе губляюцца глыбінныя каштоўнасці святарства. Дазвольце зноў прывабіць сябе пакліканнем Настаўніка, каб зноў адчуць і перажыць любоў “першай гадзіны” – той, што натхніла вас на рашучы выбар і адважныя адрачэнні. Калі разам мы паспрабуем быць узорнымі ў пакорным жыцці, тады зможам сведчыць пра абнаўляльную сілу Евангелля для кожнага чалавека”, - сказаў Папа.
Выклікі – нагода для сведчання
Яшчэ адзін заклік Папы датычыў “прароцкага бачання выклікаў нашага часу”. Ён нагадаў, што Рым, нягледзячы на сваю прыгажосць і мастацкае хараство, не абмінулі шматлікія сацыяльныя праблемы, звязаныя з гвалтам, смерцю, няроўнасцю, беднасцю і маргіналізацыяй.
“Пан пажадаў, каб мы жылі менавіта ў гэты час, поўны выклікаў, што перавышаюць нашы сілы. Але мы пакліканы прыняць іх, інтэрпрэтаваць паводле Евангелля і перажываць як нагоду для сведчання! Не будзем уцякаць перад імі!”, - сказаў Папа, заклікаючы духавенства імкнуцца будаваць Божае Валадарства ў складаным і поўным выклікаў сучасным свеце.
Леў XIV завяршыў сваю прамову словамі святога Аўгустына: “Любіце гэты Касцёл, заставайце ў гэтым Касцёле, будзьце гэтым Касцёлам. Любіце Добрага Пастыра, Прыгожага Жаніха, які не падманвае нікога і не хоча, каб хтосьці загінуў. Маліцеся таксама за заблуканых авечак, каб яны таксама прыйшлі, пазналі, палюбілі – каб быў адзін статак і адзін Пастыр”.