Леў XIV: служэнне бедным і мігрантам застаецца актуальным
Марыя Валодзіна - Vatican News
26 чэрвеня 2025 года Пантыфік сустрэўся з біскупамі, якія належаць да Таварыства Місіянераў Святога Карла (скалабрыніяне) і кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты).
Ад імя Касцёла ён падзякаваў кангрэгацыям за прызначэнне біскупаў з ліку іх членаў, што ў часы недахопу пакліканняў патрабуе значнай ахвяры. У той жа час, аднак, Касцёл зрабіў кангрэгацыям вялікі падарунак, бо служэнне Паўсюднаму Касцёлу з’яўляецца для кожнай рэлігійнай сям’і найбольшай ласкай і радасцю.
Біскупы і кардыналы, якія належаць да гэтых супольнасцяў, захоўваюць у сваім служэнні спадчыну двух важных харызматаў, асабліва актуальных у наш час: служэння мігрантам і евангелізацыі бедных і маргіналізаваных. Заснавальнікі кангрэгацый – святы Альфонс Марыя дэ Лігуоры і святы Джавані Батыста Скалабрыні – абодва былі біскупамі, якія прысвяцілі сябе бедным і пакінутым, - нагадаў Святы Айцец.
“І сёння, у гэты гістарычны момант, які спалучае вялікія магчымасці з цяжкасцямі і супярэчнасцямі, святкуючы Юбілей надзеі, мы памятаем, што, як і раней, галоўны голас, які трэба слухаць, каб зразумець, што рабіць – гэта голас любові Божай, якая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога” (Рым 5:5), - адзначыў Пантыфік.
Дзеянне Пана заўсёды нас апярэджвае, таму мы пакліканы да яго мудрага распазнання. Папа пажадаў гасцям, каб сустрэча, якую яны арганізавалі, паспрыяла гэтаму, а таксама заклікаў іх падтрымліваць і развіваць адносіны братэрскай узаемадапамогі і ў будучыні, з шчодрасцю і бескарыслівасцю, на карысць усяго статку Хрыстовага.
“Дзякую вам за вялікую працу, якую вы выконваеце, і ад усяго сэрца благаслаўляю вас разам з усімі вашымі супольнасцямі”, - завяршыў сваю прамову Леў XIV.