MAP

Наступствы расійскага ракетнага ўдару па Кіеве. Ілюстрацыйнае фота Наступствы расійскага ракетнага ўдару па Кіеве. Ілюстрацыйнае фота 

Леў XIV правёў тэлефонную размову з Пуціным

Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні пацвердзіў, што 4 чэрвеня 2025 года ў другой палове дня адбылася тэлефонная размова паміж Папам Львом XIV і Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Падчас размовы, акрамя пытанняў, што ўяўляюць узаемны інтарэс, асаблівая ўвага была нададзена сітуацыі ва Украіне і тэме міру. Папа заклікаў Расію зрабіць жэст, які паспрыяе міру, і падкрэсліў важнасць дыялогу для наладжвання пазітыўных кантактаў паміж бакамі і пошуку шляхоў вырашэння канфлікту”, - паведаміў прадстаўнік Святога Пасаду.

Абмяркоўвалася таксама “гуманітарная сітуацыя, неабходнасць аказання дапамогі там, дзе яна патрэбна, пастаянныя намаганні ў справе абмену палоннымі, а таксама значэнне дзейнасці, якую ў гэтым напрамку здзяйсняе кардынал Дзупі”.

Святы Айцец падзякаваў за віншаванні Патрыярха Кірыла, атрыманыя з нагоды пачатку пантыфікату, і “падкрэсліў, што агульныя хрысціянскія каштоўнасці могуць быць святлом, якое дапамагае шукаць мір, абараняць жыццё і імкнуцца да сапраўднай рэлігійнай свабоды”.
 

05 чэрвеня 2025, 08:01