Леў XIV правядзе летні адпачынак у Кастэль-Гандольфа
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец адправіцца ў Кастэль-Гандольфа ў другой палове дня 6 ліпеня. Прэфектура Папскага дома паведаміла, што 13 ліпеня ён будзе цэлебраваць святую Імшу ў мясцовай Папскай парафіі святога Тамаша з Вілановы, пасля якой прамовіць малітву “Анёл Панскі” на плошчы перад Апостальскім палацам.
У нядзелю, 20 ліпеня, Леў XIV узначаліць святую Імшу ў катэдральным касцёле Альбана. Затым ён прамовіць малітву “Анёл Панскі” ў Кастэль-Гандольфа, пасля чаго вернецца ў Ватыкан.
На працягу ліпеня не будуць праводзіцца прыватныя аўдыенцыі, а таксама агульныя аўдыенцыі па серадах 2, 9, 16 і 23 ліпеня. Правядзенне агульных аўдыенцый адновіцца 30 ліпеня.
Яшчэ адзін візіт у Кастэль-Гандольфа Пантыфік здзейсніць у жніўні з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. 15 жніўня ён узначаліць святую Імшу ў Папскай парафіі ў Кастэль-Гандольфа, пасля якой прамовіць малітву “Анёл Панскі” на плошчы перад Апостальскім палацам.
Апоўдні ў нядзелю, 17 жніўня, Святы Айцец таксама правядзе малітву “Анёл Панскі” ў Кастэль-Гандольфа, пасля чаго, у другой палове дня, вернецца ў Ватыкан.