MAP

Леў XIV: папская дыпламатыя – пасланне братэрства і міра

“Адчувайце сябе місіянерамі, пасланымі Папам, каб быць прыладамі еднасці і служэння чалавечай годнасці”, - cказаў Леў XIV нунцыям з розных краін свету, якіх 10 чэрвеня 2025 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У ніводнай краіне свету няма такога згуртаванага дыпламатычнага корпуса, як у Апостальскай Сталіцы”, бо “наша адзінства – гэта не толькі практычны або ідэальны саюз, але еднасць у Хрысце і Касцёле”, якая выражае евангельскае пасланне пра чалавечае братэрства і мір паміж народамі, - падкрэсліў на пачатку звароту Леў XIV.

Папа падзякаваў нунцыям за служэнне, дзякуючы якому атрымлівае інфармацыю пра сітуацыю Касцёла ў розных краінах свету і можа “удзельнічаць у жыцці сваіх дзяцей”, як пісаў святы Павел VI.

Несці Хрыста спакутаванаму чалавецтву

Кажучы пра місію нунцыяў, Леў XIV спаслаўся на апавяданне з Дзеяў Апосталаў (3,1-10), у якім апостал Пётр аздаравіў чалавека, паралізаванага ад нараджэння, які сядзеў ля дзвярэй святыні і прасіў міласціну. “Гэта быццам вобраз чалавецтва, што страціла надзею і ўпала ў роспач. Сёння Касцёл таксама часта сустракае людзей, у якіх больш няма радасці, якіх адрынула грамадства або жыццё змусіла прасіць міласціну”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў, па прыкладзе апостала Пятра, усталёўваць адносіны і быць пасланнікамі Хрыста.

“Несці Хрыста – гэта значыць несці любоў, даваць сведчанне любові, гатовай на ўсё. Я спадзяюся на вас, каб у краінах, дзе вы жывяце, усе ведалі, што Касцёл заўсёды гатовы на ўсё дзеля любові, што ён заўсёды на баку апошніх, бедных, і што ён заўсёды будзе абараняць святое права верыць у Бога, верыць у тое, што гэта жыццё не знаходзіцца ва ўладзе сіл гэтага свету, але мае ў сабе таямнічы сэнс”, - сказаў Папа, адзначыўшы каштоўнасць служэння нунцыяў ахвярам “войнаў, насілля, несправядлівасці або фальшывага дабрабыту, што ўводзіць у зман і расчароўвае”.

У цені Пятра

Святы Айцец паведаміў, што нунцыі атрымаюць у дар ад яго пярсцёнкі з надпісам “sum umbra Petri” – “у цені Пятра”. “Адчувайце сябе заўсёды злучанымі з Пятром, пад апекай Пятра, пасланымі Пятром. Толькі ў паслухмянасці і рэальнай камуніі з Папам ваша служэнне зможа быць плённым для будавання Касцёла ў еднасці з мясцовымі біскупамі”, - дадаў Пантыфік.

Бачыць дабро і імкнуцца да святасці

Леў XIV заклікаў нунцыяў мець позірк, які благаслаўляе, “бо служэнне Пятра – гэта благаслаўляць, гэта значыць заўсёды бачыць дабро, нават схаванае, нават калі яно ў меншасці”.

“Адчувайце сябе місіянерамі, пасланымі Папам, каб быць прыладамі еднасці і служэння чалавечай годнасці, спрыяючы паўсюль шчырым і канструктыўным адносінам з уладамі, з якімі вы будзеце супрацоўнічаць. Няхай ваша кампетэнтнасць заўсёды будзе асветленая сталым імкненнем да святасці. Прыкладамі для нас з’яўляюцца святыя, якія служылі ў дыпламатыі Апостальскай Сталіцы, такія як святы Ян ХХІІІ і святы Павел VI”, - сказаў Пантыфік, заклікаўшы нунцыяў заўсёды ўмацоўвацца ў веры, каб быць яе носьбітамі і бачным знакам у свеце.
 

10 чэрвеня 2025, 11:19