Леў XIV будучым нунцыям: нясіце сведчанне маёй блізкасці ўсім народам
Аляксандр Панчанка - Vatican News
20 чэрвеня 2025 года Леў XIV сустрэўся са святарамі, якія рыхтуюцца да дыпламатычнай службы Апостальскай Сталіцы і завяршылі так званы “Місіянерскі год” – апошні этап фармацыі папскіх прадстаўнікоў, што прадугледжвае падрыхтоўку ў рэгіёнах, дзе Касцёл ажыццяўляе місіянерскую дзейнасць. Ён быў уведзены ў праграму навучання ватыканскіх дыпламатаў з ініцыятывы Папы Францішка.
Леў XIV адзначыў, што на мінулым тыдні сустракаўся ў Ватыкане з дзейнымі нунцыямі і меў магчымасць падкрэсліць каштоўнасць гэтай ініцыятывы свайго папярэдніка, а таксама заахвоціць іх быць і заставацца “пастырамі, якія стаяць на зямлі”, каб увасабляць вобраз святара, што служыць Папу ў яго прадстаўніцтвах.
“Таму заклікаю і вас здзяйсняць дар вашага святарства з пакорай і лагоднасцю, здольнасцю слухаць і быць блізкімі – як верныя і нястомныя вучні Хрыста, Добрага Пастыра. Якія б заданні вам ні даручылі, у якой бы частцы свету вы ні знаходзіліся, Папа павінен разлічваць на святароў, якія малітвай і працай будуць самаахвярна сведчыць пра яго блізкасць да народаў і Касцёлаў”, - дадаў Святы Айцец.