Леў XIV: ніхто ніколі не павінен пагражаць існаванню іншага
На заканчэнне спецыяльнай юбілейнай аўдыенцыі, якая адбылася 14 чэрвеня 2025 года ў Ватыкане, Святы Айцец заклікаў будаваць мір, заснаваны на справядлівасці, братэрстве і агульным дабры.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“У апошнія дні прыходзяць навіны, якія выклікаюць вялікую занепакоенасць. Сітуацыя ў Іране і Ізраілі сур’ёзна пагоршылася, і ў такі далікатны момант я хачу рашуча аднавіць заклік да адказнасці і разважлівасці. Імкненне будаваць больш бяспечны свет, свабодны ад ядзернай пагрозы, павінна ажыццяўляцца праз сустрэчы, узаемную павагу і шчыры дыялог з мэтай будавання трывалага міру, заснаванага на справядлівасці, братэрстве і агульным дабры”, - сказаў Святы Айцец.
“Ніхто ніколі не павінен пагражаць існаванню іншага. Абавязак усіх краін – падтрымліваць справу міру, распачынаючы шляхі прымірэння і спрыяючы рашэнням, якія гарантуюць бяспеку і годнасць для ўсіх”, - дадаў Пантыфік.
14 чэрвеня 2025, 11:30