MAP

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік святарам: пераканаўчымі робіць любоў да Хрыста і людзей

Укараняць сваё жыццё і служэнне на ўсё мацнейшай, асабістай і сапраўднай любові да Езуса, які зрабіў вас сваімі сябрамі і навекі ўчыніў падобнымі да сябе, заклікаў Папа святароў дыяцэзій французскага рэгіёна Іль-дэ-Франс.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Леў XIV скіраваў пасланне да ўдзельнікаў сходу духавенства Парыжскай касцельнай правінцыі, які адбыўся 5 чэрвеня 2025 года ў катэдральным касцёле Нотр-Дам у сталіцы Францыі.

“Рады магчымасці засведчыць вам сваю бацькоўскую любоў і заахвоціць вас працягваць служэнне на карысць Божага народу, які вам даручаны. Каб дасягнуць гэтай мэты ва ўмовах складанай касцельнай і грамадскай сітуацыі, заклікаю вас укараняць сваё жыццё і служэнне на ўсё мацнейшай, асабістай і сапраўднай любові да Езуса, які зрабіў вас сваімі сябрамі і навекі ўчыніў падобнымі да сябе; і на шчодрай, безумоўнай любові да супольнасці – любові, пазначанай блізкасцю, спачуваннем, лагоднасцю, пакорай і прастатой, як часта нам нагадваў спачылы Папа Францішак”, - напісаў Святы Айцец.

“Такім чынам вы будзеце пераканаўчымі, нават калі яшчэ не з’яўляецеся святымі, і дакранецеся да сэрцаў тых, хто знаходзіцца найбольш далёка: здабудзеце іх давер і дапаможаце ім сустрэць Езуса”, - дадаў Папа.

Пантыфік заклікаў духавенства развіваць святарскае братэрства, падтрымліваць цесную сувязь любові з біскупамі і няспынна маліцца за адзінства Касцёла. “Няхай Дух Святы штодня дапамагае вам абнаўляць той шчодры дар, які вы прынеслі Пану ў дзень вашага святарскага пасвячэння”, - пажадаў Леў XIV.
 

06 чэрвеня 2025, 09:50