Папа Леў XIV да моладзі: быць святлом надзеі ў сённяшнім свеце
Марыя Валодзіна - Vatican News
Малітоўнае і музыкальнае свята ў гонар першага амерыканскага Папы прайшло на гарадскім стадыёне, дзе трэніруецца бейсбольная каманда “Уайт Сокс”. Гэта не выпадковасць, бо Леў XIV – заўзятар каманды. Падчас агульнай аўдыенцыі 11 чэрвеня ён нават прымераў яе бейсболку. Выбар месца для правядзення мерапрыемства адлюстроўвае сувязь Папы з родным Чыкага.
“Мае дарагія сябры! Я рады вітаць усіх, хто сабраўся на стадыёне "Уайт Сокс Парк" на гэтым вялікім свяце супольнасці Чыкагскай архідыяцэзіі. Асаблівае прывітанне кардыналу Купічу, дапаможным біскупам, усім маім сябрам, якія сабраліся сёння ў свята Найсвяцейшай Тройцы”, - звярнуўся Пантыфік да суайчыннікаў.
Тройца – узор Божай любові да нас
“Я пачынаю менавіта з гэтага, таму што Тройца – гэта ўзор Божай любові да нас. Бог Айцец, Сын і Святы Дух. Тры сутнасці аднаго Бога жывуць, аб'яднаныя ў глыбіні любові, у супольнасці, падзяляючы гэтую камунію з усімі намі”, - нагадаў Святы Айцец.
Пантыфік выказаў удзельнікам свята сваю ўдзячнасць і заахвоціў іх працягваць будаваць супольнасць, сяброўства, быць братамі і сёстрамі ў паўсядзённым жыцці, у сем'ях, парафіях, архідыяцэзіі і ва ўсім свеце.
Зазірнуць у свае сэрцы
З асаблівым прывітаннем Леў XIV звярнуўся да моладзі, запрашаючы ўсіх юнакоў і дзяўчат зазірнуць у свае сэрцы і ўсвядоміць, што Бог звяртаецца да іх, “заклікае, запрашае спазнаць Яго Сына Езуса Хрыста з дапамогай Святога Пісання, магчыма, сябра або сваяка, бабулі ці дзядулі, якія могуць быць веруючымі людзьмі”. Ён заахвоціў маладых людзей звяртаць увагу на тую тугу па любові, якая падштурхоўвае нас “рабіць нешта з нашымі жыццямі, каб служыць іншым”.
Божая любоў ацаляе
Святы Айцец падкрэсліў важнасць супольнасці і сяброўства для таго, каб знайсці сапраўдны сэнс жыцця. “Колькі людзей пакутуе на розныя праявы дэпрэсіі ці смутку. Яны могуць адкрыць для сябе, што Божая любоў ацаляе, што яна прыносіць надзею, і што аб'ядноўваючыся як сябры, як браты і сёстры, у супольнасці, у парафіі, каб жыць разам сваёй верай, мы можам зразумець, што міласць Пана, любоў Божая могуць сапраўды аздаравіць нас, даць нам сілу, у якой мы маем патрэбу, могуць стаць крыніцай той надзеі, у якой усе мы маем патрэбу ў нашым жыцці”, - сказаў Леў XIV, заклікаючы моладзь дзяліцца гэтым пасланнем надзеі адзін з адным.
Пачынаць з сябе, з уласнага жыцця
Папа назваў маладых людзей “абяцаннем надзеі”, тымі, хто будзе спрыяць міру і згодзе паміж усімі народамі.
Пантыфік заклікаў слухачоў выходзіць за рамкі эгаістычных звычак і шукаць магчымасці аб'яднаць намаганні і распаўсюджваць пасланне надзеі. Ён спаслаўся на святога Аўгустына, які кажа, што калі мы жадаем, каб свет стаў лепшым, “трэба пачынаць з сябе, з уласнага жыцця, з уласных сэрцаў”.
Быць “маякамі надзеі” для свету
Леў XIV падкрэсліў, што супольнасць вернікаў Чыкагскай архідыяцэзіі, аб’яднаная ў малітве і святкаванні, з'яўляецца “маяком надзеі” для свету. Тым святлом, якое маячыць на гарызонце, але становіцца ўсё ярчэйшым, калі мы расцем у адзінстве. “Гэтае святло – наша вера ў Езуса Хрыста. І мы самі можам стаць пасланнем надзеі, спрыяючы міру і еднасці ва ўсім свеце”, - сказаў Папа.
Пантыфік заўважыў, што мы ўсе жывем з пытаннямі ў сэрцах. Святы Аўгустын кажа пра неспакойныя сэрцы людзей, якія не знаходзяць супакою без Бога. У гэтым неспакоі няма нічога дрэннага, яго не трэба заглушаць. Наадварот, варта прыслухацца да свайго сэрца і зразумець, што Бог можа дзейнічаць у нашым жыцці, каб праз нас дасягнуць іншых людзей.
Папа заклікаў вернікаў “быць святлом надзеі”. "Надзея не расчароўвае, - кажа нам cвяты Павел у Пасланні да Рымлянаў (5,5). Калі я бачу кожнага з вас, калі бачу, як людзі збіраюцца, каб адсвяткаваць сваю веру, я ўсведамляю, як шмат надзеі ёсць у свеце”, - сказаў ён.
У гэты Юбілейны год надзеі Хрыстус заклікае нас да адзінства, каб мы сталі “сапраўдным жывым прыкладам – святлом надзеі ў сучасным свеце”, - заклікаў Святы Айцец.
Пантыфік заахвоціў усіх скарыстацца момантам і адкрыць свае сэрцы Богу і Яго безумоўнай любові, якая даецца нам без заслуг. Бог шчодра дорыць сваю любоў, а ад нас чакае толькі таго, каб мы дзяліліся ёю з іншымі, - нагадаў Леў XIV.
Напрыканцы паслання Святы Айцец благаславіў усіх яе ўдзельнікаў. “Няхай любоў і супакой Пана сыдуць на кожнага з вас і на вашыя сем’і. Няхай Бог благаславіць усіх вас, каб Вы заўсёды былі маякамі надзеі, прыкметамі надзеі і міру ва ўсім свеце. І няхай благаслаўленне Усемагутнага Бога, Айца, Сына і Святога Духа сыдзе на вас і застанецца з вамі заўсёды. Амэн”, - заключыў Папа.