Лета ў Кастэль-Гандольфа: Папа паселіцца ў Віле Барберыні
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец будзе знаходзіцца ў летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў з 6 па 20 ліпеня і з 15 па 17 жніўня 2025 года. Ён плануе “адпачыць, сустрэцца з людзьмі, а таксама пазнаёміцца з працамі, што праводзяцца ў “Мястэчку Laudato si’””, - адзначыў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду.
Апостальскі палац у Кастэль-Гандольфа, які па ініцыятыве Францішка быў ператвораны ў музей, падчас прабывання Льва XIV у суседняй Віле Барберыні застанецца адкрытым для наведвальнікаў.
Бруні паведаміў, што будаўнічыя працы, што праводзяцца ў “Мястэчку Laudato si’”, прадугледжваюць, між іншым, стварэнне басейна, якім зможа карыстацца Святы Айцец.
Кастэль-Гандольфа стаў уласнасцю Святога Пасаду ў 1604 годзе. Мястэчка знаходзіцца за 20 кіламетраў ад Рыма, на ўзвышшы каля маляўнічага вулканічнага возера Альбана. Першым Папам, які адпачываў там у летні перыяд, быў Урбан VIII з роду Барберыні. Гэта адбылося ў 1626 годзе. Перад прыездам Пантыфіка ў Кастэль-Гандольфа найвыбітнейшыя архітэктары той эпохі пераўтварылі мясцовы старажытны замак у папскі палац.
Віла Барберыні з’яўляецца адной з трох віл папскага палацавага комплексу (разам з Апостальскім палацам і Вілай Цыры). Яна акружана славутымі садамі з фантанамі і лабірынтамі, старажытнарымскімі руінамі і мае тэрасу з маляўнічым панарамным выглядам на возера Альбана.
Традыцыю адпачынку Папаў у Кастэль-Гандольфа перапыніў Францішак, які аддаваў перавагу правядзенню лета ў Ватыкане. Па яго ініцыятыве Апостальскі палац быў пераўтвораны ў музей, а на тэрыторыі папскіх садоў і сельскагаспадарчых угоддзяў быў створаны навучальна-экалагічны адукацыйны цэнтр з мэтай пашырэння ідэй, выкладзеных у яго энцыкліцы Laudato si’.