Леў XIV выказаў блізкасць хрысціянам Блізкага Усходу
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“У мінулую нядзелю быў здзейснены подлы тэрарыстычны напад на праваслаўную хрысціянскую супольнасць у царкве святога Іллі ў Дамаску. Даверым ахвяр Божай міласэрнасці і ўзнясём нашы малітвы за параненых і іх блізкіх. Я кажу хрысціянам Блізкага Усходу: я з вамі, увесь Касцёл з вамі!”, - падкрэсліў Папа.
Пантыфік заўважыў, што гэта трагічная падзея нагадвае пра глыбокую ўразлівасць, якая дагэтуль характарызуе Сірыю пасля гадоў канфліктаў і нестабільнасці. “Таму вельмі важна, каб міжнародная супольнасць не адварочвалася ад гэтай краіны, але працягвала падтрымліваць яе праз жэсты салідарнасці і новыя намаганні на карысць міру і паяднання”, - дадаў ён.
“Мы працягваем з увагай і надзеяй сачыць за развіццём сітуацыі ў Іране, Ізраілі і Палестыне. Словы прарока Ісаі гучаць цяпер асабліва актуальна: “Народ не падыме мяча супраць народа, і яны не будуць больш вучыцца ваяваць”. Няхай гэты голас будзе пачуты. Няхай будзе пачуты гэты голас, які паходзіць ад Найвышэйнага! Няхай будуць залечаны раны, нанесеныя крывавымі падзеямі апошніх дзён; няхай будзе адкінута ўсялякая логіка гвалту і помсты і няхай з рашучасцю будзе абраны шлях дыялогу, дыпламатыі і міру!”, - заклікаў Святы Айцец.