Леў XIV: штучны інтэлект павінен служыць цэласнаму развіццю
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Міжнародны форум завяршыўся 20 чэрвеня 2025 года ў Апостальскім палацы ў Ватыкане, што, паводле слоў Папы, з’яўляецца “выразным знакам жадання Касцёла ўдзельнічаць у абмеркаваннях, якія непасрэдна датычаць сучаснасці і будучыні ўсёй чалавечай сям’і”.
“Разам з выключным патэнцыялам прыносіць карысць чалавецтву, імклівае развіццё штучнага інтэлекту ставіць і больш глыбокія пытанні аб належным выкарыстанні гэтай тэхналогіі дзеля пабудовы сапраўды больш справядлівага і гуманнага глабальнага грамадства”, - сказаў Папа.
Штучны інтэлект, без сумневу, з’яўляецца “надзвычайным плёнам чалавечага генія”, але перадусім застаецца інструментам, этычная вага якога залежыць ад намераў тых, хто ім карыстаецца.
“У некаторых выпадках штучны інтэлект выкарыстоўваецца станоўча і нават высакародна, каб спрыяць большай роўнасці, але існуе таксама магчымасць злоўжывання ім дзеля ўласнай выгады за кошт іншых або, што яшчэ горш, дзеля распальвання канфліктаў і агрэсіі”, - папярэдзіў Святы Айцец.
Пантыфік падкрэсліў, што “Касцёл жадае спрыяць спакойнаму і абгрунтаванаму абмеркаванню гэтых надзённых пытанняў, падкрэсліваючы перадусім неабходнасць ацэньваць наступствы штучнага інтэлекту ў святле інтэгральнага развіцця чалавечай асобы і грамадства”.
“Гэта азначае клопат не толькі пра матэрыяльны, але таксама пра інтэлектуальны і духоўны дабрабыт чалавека; гэта азначае захаванне недатыкальнай годнасці кожнай чалавечай асобы і павагу да культурнага і духоўнага багацця і разнастайнасці народаў свету”, - дадаў ён, падкрэсліўшы, што перавагі і рызыкі штучнага інтэлекту павінны ацэньвацца ў адпаведнасці з гэтым найвышэйшым крытэрыем.
“Усіх нас, я ўпэўнены, хвалюе будучыня дзяцей і моладзі, а таксама магчымыя наступствы выкарыстання штучнага інтэлекту для іх інтэлектуальнага і неўралагічнага развіцця. Нашу моладзь трэба падтрымліваць, а не стрымліваць на шляху да сталасці і сапраўднай адказнасці. Яна – наша надзея на будучыню, і дабрабыт грамадства залежыць ад таго, ці будзе ёй дадзена магчымасць развіваць свае Богам дадзеныя дары і здольнасці і адказваць на выклікі часу і патрэбы іншых з вольным і шчодрым духам. Ніводнае пакаленне ў гісторыі не мела такога імгненнага доступу да такой колькасці інфармацыі, як праз штучны інтэлект. Але зноў жа: доступ да даных – якім бы шырокім ён ні быў – не варта блытаць з інтэлектам, які абавязкова “прадугледжвае адкрытасць чалавека на найвышэйшыя пытанні жыцця і скіраванасць да Праўды і Дабра”. Урэшце, сапраўдная мудрасць мае значна больш супольнага з прызнаннем сапраўднага сэнсу жыцця, чым з наяўнасцю даных”, - напісаў Папа.