MAP

Апостальскі палац у Кастэль Гандольфа Апостальскі палац у Кастэль Гандольфа 

Кастэль Гандольфа рыхтуецца да прыбыцця Папы Льва XIV

6 ліпеня 2025 года пасля малітвы "Анёл Панскі" на Плошчы Святога Пятра ў Рыме Папа Леў XIV прыбудзе ў Кастэль Гандольфа, аднаўляючы шматвекавую традыцыю папскага летняга адпачынку.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рашэнне Папы Льва XIV аб вяртанні ў Кастэль Гандольфа, традыцыйнае месца адпачынку, малітвы і працы Рымскіх Пантыфікаў, выклікала вялікую радасць сярод мясцовых жыхароў і ўлад. Гэта месца мае багатую гісторыю як летняя рэзідэнцыя для многіх Наступнікаў Пятра, уключаючы Пія XII, Яна XXIII, Паўла VI, Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI.

"Прысутнасць Папы з'яўляецца часткай нашага ДНК"

"З нецярпеннем чакаем вяртання Швейцарскай Гвардыі, якой не было ў Кастэль Гандольфа ўжо 12 гадоў. Гэта мае фундаментальнае сімвалічнае і ідэнтыфікацыйнае значэнне. На ўсіх гістарычных фотаздымках Кастэль Гандольфа бачная Швейцарская Гвардыя. Прысутнасць Папы з'яўляецца часткай нашага ДНК", - падкрэсліў мэр горада Альберта дэ Анджэліс.

У адрозненне ад сваіх папярэднікаў, Папа Леў XIV не будзе жыць у Апостальскім палацы, які ў 2016 годзе па рашэнні Папы Францішка быў ператвораны ў музей, даступны для турыстаў. Замест гэтага Святы Айцец абраў больш сціплую Вілу Барберыні – гістарычны будынак, які таксама належыць да папскага комплексу, што дазволіць музеям заставацца адкрытымі для наведвальнікаў.

Мэр дэ Анджэліс імкнецца стварыць для Святога Айца атмасферу сапраўднай гасціннасці. Гарадскія ўлады ўжо кансультуюцца з ватыканскім атачэннем Папы адносна яго ўпадабанняў, каб падрыхтаваць належны прыём. Асаблівае значэнне надаецца магчымасці наладзіць непасрэдны дыялог з Пантыфікам, без пасрэдніцтва трэціх асоб. Не хаваецца і далёкасяжная надзея – запрасіць Льва XIV на больш працяглае знаходжанне ў Кастэль Гандольфа.

Сады ў папскай рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа
Сады ў папскай рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа

"Гэта другі горад Папы пасля Рыма"

Традыцыя папскага адпачынку ў Кастэль Гандольфа сягае 1628 года, калі Пантыфікі пачалі рэгулярна наведваць гэтае маляўнічае месца. Апошнім там гасцяваў Бэнэдыкт XVI, які таксама выбраў Кастэль Гандольфа ў якасці сваёй часовай рэзідэнцыі пасля адмовы ад выканання паслугі ў 2013 годзе.

На 6 ліпеня 2025 года ўлады мястэчка запланавалі афіцыйную цырымонію сустрэчы Папы. Горад актыўна рыхтуецца да гэтай падзеі, працуючы над гарантаваннем бяспекі, мабільнасці і даступнасці.

"Мы працуем з інжынернай кампаніяй над стварэннем плана бяспекі для гістарычнага цэнтра і прылеглых вуліц. Усе захады павінны гарантаваць бяспеку, не парушаючы звычайнага жыцця гараджан", - падкрэсліў мэр.

Дэ Анджэліс не хавае надзеі, што гэты візіт, які пакуль будзе абмежаваны некалькімі тыднямі ў ліпені і жніўні, будзе падоўжаны.

Вяртанне папскай прысутнасці ў Кастэль Гандольфа пасля доўгага перапынку ўспрымаецца мясцовымі жыхарамі не проста як аднаўленне гістарычнай традыцыі, але і як новы імпульс для духоўнага і культурнага жыцця гэтага старажытнага італьянскага мястэчка.
 

28 чэрвеня 2025, 12:28