Карла Акуціс і П’ер Джорджа Фрасаці будуць кананізаваныя разам
Марыя Валодзіна - Vatican News
Урачыстае пасяджэнне кардыналаў пачалося ў 9.00 раніцы ў Зале Кансісторыя Апостальскага палаца. Яно распачалося з набажэнства – Літургіі гадзін, пасля чаго Святы Айцец узначаліў афіцыйнае галасаванне па кананізацыі васьмі благаслаўлёных, якія праславіліся сваёй верай, служэннем, а некаторыя і мучаніцтвам.
Як паведаміла Бюро Папскіх літургічных цэлебрацый, падчас урачыстага Кансісторыя Леў XIV абвясціў аб тым, што ў спіс святых Каталіцкага Касцёла дадаюцца наступныя благаслаўлёныя: Ігнацы Шукрала Малаян, армянскі каталіцкі архіепіскап Мардзіна, мучанік, забіты падчас генацыду 1915 года; Пітэр То Рот, свецкі вернік і катэхіст з Папуа-Новай Гвінеі, мучанік, які загінуў у 1945 годзе; Вінчэнца Марыя Палоні, заснавальніца Інстытута Сясцёр Міласэрнасці ў Вероне; Марыя з гары Кармэль (свецкае імя Кармэн Элена Рэндзілес Марцінэс), заснавальніца Кангрэгацыі Служак Езуса; Марыя Транкаці, манахіня з Кангрэгацыі Дачок Марыі Дапаможніцы, якая несла служэнне ў Эквадоры; Хасэ Грыгорыа Эрнандэс Сіснэрас, свецкі вернік, вядомы як “лекар бедных” у Венесуэле; П'ер Джорджа Фрасаці, свецкі вернік з Трэцяга ордэна святога Дамініка; і Бартала Лонга, свецкі вернік, заснавальнік Санктуарыя Маці Божай у Пампеях.
Падчас кансісторыя была таксама вызначана дата кананізацыі благаслаўлёнага П'ера Джорджа Фрасаці. Ён і Карла Акуціс будуць урачыста кананізаваныя 7 верасня 2025 года, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
Аб кананізацыі гэтых двух маладых італьянскіх благаслаўлёных абвясціў яшчэ Папа Францішак на агульнай аўдыенцыі 20 лістапада 2024 года, выклікаўшы ў той дзень на Плошчы Святога Пятра бурныя апладысменты.
П’ер Джорджа Фрасаці (1901–1925) – малады турынец, студэнт, актывіст Трэцяга ордэна святога Дамініка, вядомы сваёй працай з беднымі і любоўю да малітвы. Памёр ва ўзросце 24 гадоў ад поліяміэліту.
Карла Акуціс (1991–2006) – міленіял, захоплены камп’ютарамі і Эўхарыстыяй, памёр ад лейкеміі ва ўзросце 15 гадоў і беатыфікаваны ў Асізі ў 2020 годзе. Яго кананізацыя павінна была адбыцца 27 красавіка 2025 года, падчас Юбілею падлеткаў, але была адкладзеная з-за смерці Францішка.
Сённяшняе рашэнне Папы Льва XIV аднавіла кананізацыйны працэс і надала яму новы імпульс: двух маладых святых, Акуціса і Фрасаці, кананізуюць разам.
Кананізацыя астатніх сямі благаслаўлёных адбудзецца 19 кастрычніка 2025 года.