Леў XIV прызначыў легата на юбілейныя ўрачыстасці ў Плоцку
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Урачыстасці ў горадзе над Віслай адбудуцца 7 чэрвеня 2025 года. У сваім пасланні Пантыфік адзначыў гістарычнае значэнне дыяцэзіі, якая была заснавана ў 1075 годзе Папам Грыгорыем VII, які выслаў сваіх пасланнікаў да польскага князя Баляслава II з мэтай стварэння касцельных структур у маладой хрысціянскай дзяржаве, якая прыняла хрост крыху больш за стагоддзе да гэтага.
Леў XIV падкрэсліў асаблівы духоўны харызмат Плоцка. Ён згадаў святога Станіслава Костку, заступніка моладзі, святую сястру Фаўстыну Кавальскую, апостала Божай Міласэрнасці, а таксама біскупаў: благаслаўлёнага Антонія Юліяна Нававейскага і благаслаўлёнага Леона Вэтманьскага, мучанікаў Другой сусветнай вайны.
Леў XIV згадаў таксама візіт Яна Паўла II у Плоцк у чэрвені 1991 года, калі той адправіў там святую Імшу і ўмацаваў прысутных на ёй вязняў словамі надзеі. Папа адзначыў, што гэта быў "моцны знак блізкасці".
У пасланні Святы Айцец абгрунтаваў рашэнне аб прызначэнні кардынала Нэмета ў якасці асабістага пасланніка яго блізкімі сувязямі з палякамі і важнай роляй арцыбіскупа-мітрапаліта Бялградскага.
Кардынал будзе старшынстваваць на ўрачыстай Імшы, а ў гаміліі заахвоціць вернікаў да пераймання Хрыста, любові да Евангелля і малітвы аб пакліканнях. Леў XIV падкрэсліў, што асабліва важна сёння нагадаць дэвіз святога Станіслава Косткі: "Ad maiora natus sum – да вышэйшых рэчаў я нарадзіўся".
У заключэнні свайго паслання Папа запэўніў свайго пасланніка ў малітве і апостальскім благаслаўленні, якое з'яўляецца як "знакам нашай павагі, так і абяцаннем нябесных дароў".