MAP

Інтэнцыя Святога Айца: аб узрастанні ў спачуванні свету

3 чэрвеня 2025 года Папская сусветная сетка малітвы апублікавала відэаролік, у якім малітоўную інтэнцыю на бліжэйшы месяц упершыню абвясціў Папа Леў XIV.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Молімся аб тым, каб кожны з нас знаходзіў суцяшэнне ў асабістых адносінах з Езусам і вучыўся ў Яго Сэрца спачуваць свету”, - у такой інтэнцыі Пантыфік заклікае маліцца ў чэрвені, які традыцыйна прысвечаны ў Каталіцкім Касцёле ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

У відэароліку гучаць таксама словы малітвы, якой вернікі заахвочваюцца прасіць Хрыста дапамагчы лепш пазнаваць Яго, заставацца з Ім і вучыцца ў Яго любові.

“Удзялі ўсім дзецям Тваім ласку сустрэчы з Табой. Перамяні, сфармуй і ператвары нашы намеры, каб мы шукалі толькі Цябе ва ўсім: у малітве, працы, адносінах і штодзённасці. Ад гэтай сустрэчы пашлі нас на служэнне – на місію спачування да свету, дзе Ты сам – крыніца ўсякага суцяшэння”, - гаворыцца ў малітве.

Відэашэраг быў зняты ў рымскім касцёле Найсвяцейшага Імя Езуса (Іль-Джэзу), у якім знаходзіцца знакаміты абраз Сэрца Езуса, напісаны італьянскім мастаком XVIII стагоддзя Пампэа Батоні, а таксама ў філіпінскім Нацыянальным санктуарыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Макаці – самым папулярным месцы пілігрымак ва ўсёй архідыяцэзіі Манілы.
 

03 чэрвеня 2025, 16:00