MAP

Леў XIV падчас Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста Леў XIV падчас Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста  (@Vatican Media)

Леў XIV: дзяленне хлеба памнажае надзею

Падчас святочнай Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая адзначаецца ў многіх Касцёлах у нядзелю, 22 чэрвеня 2025 года Леў XIV казаў аб Езусе, які праз знак дзялення хлеба ўказвае на логіку любові Бога і падтрымлівае голад чалавека па вечным жыцці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Дарагія браты і сёстры, добра быць з Езусам. Евангелле, якое мы толькі што пачулі, сведчыць пра гэта, распавядаючы, што натоўпы заставаліся з Ім гадзінамі, а Ён гаварыў пра Божае Валадарства і аздараўляў хворых (пар. Лк 9, 11). Спагада Езуса да пакутуючых выяўляе любячую блізкасць Бога, які прыходзіць у свет, каб збавіць нас", - сказаў Папа ў сваёй гаміліі.

Голад народа і заход сонца

Святы Айцец разважаў над евангельскай сцэнай памнажэння хлябоў, адзначаючы, што голад людзей і захад сонца з'яўляюцца знакамі абмежаванняў, якія навісаюць над светам, над кожным стварэннем: "Дзень заканчваецца, як і жыццё людзей. Менавіта ў гэты час, у час беднасці і ценяў, Езус застаецца сярод нас".

"Менавіта калі сонца заходзіць і голад расце, у той час як самі апосталы просяць адпусціць людзей, Хрыстус здзіўляе нас сваёй міласэрнасцю. Ён мае спагаду да галоднага народа і запрашае сваіх вучняў паклапаціцца пра іх: голад – гэта не патрэба, якая не мае дачынення да абвяшчэння Валадарства і сведчання збаўлення", - адзначыў Папа.

Падчас святочнай Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста
Падчас святочнай Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста

Логіка, якая ратуе галодны народ

"На заклік голаду Ён адказвае знакам дзялення: узнімае вочы, прамаўляе бласлаўленне, ломіць хлеб і дае паесці ўсім прысутным", - адзначыў Пантыфік. "Жэсты Пана сведчаць не пра складаны магічны рытуал, але пра ўдзячнасць Айцу, сыноўскую малітву Хрыста і братэрскую еднасць, якую падтрымлівае Дух Святы ".

Каб памножыць хлябы і рыбу, Езус дзеліць тое, што ёсць: "Менавіта так іх хапае для ўсіх, нават, застаецца ў лішку. Пасля таго, як паелі – і паелі ўдосталь – яны сабралі дванаццаць кашоў" (пар. Лк 9, 17).

Падчас святочнай Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста
Падчас святочнай Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста   (@Vatican Media)

Сёння на месцы натоўпаў знаходзяцца цэлыя народы

"Гэта логіка, якая ратуе галодны народ: Езус дзейнічае ў стылі Бога, вучачы рабіць тое ж самае", - падкрэсліў Леў XIV.

"Сёння на месцы натоўпаў, згаданых у Евангеллі, знаходзяцца цэлыя народы, прыніжаныя чужой прагнасцю нават больш, чым уласным голадам. Перад галечай многіх, накапленне нямногіх з'яўляецца знакам абыякавай пыхі, якая прыносіць боль і несправядлівасць", - адзначыў Святы Айцец.

"Замест таго, каб дзяліцца, раскоша марнуе плёны зямлі і працы чалавека. Асабліва ў гэты юбілейны год прыклад Пана застаецца для нас неадкладным крытэрыем дзеяння і служэння: дзяліцца хлебам, каб памножыць надзею, абвяшчае надыход Божага Валадарства", - дадаў ён.

Падчас святочнай Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста
Падчас святочнай Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста   (@Vatican Media)

Хрыстус – адказ Бога на голад чалавека

"Выратоўваючы натоўпы ад голаду, Езус абвяшчае, што выратуе ўсіх ад смерці. Гэта таямніца веры, якую мы святкуем у сакрамэнце Эўхарыстыі", - сказаў Папа. "Як голад з'яўляецца знакам нашай радыкальнай беднасці жыцця, так ламанне хлеба з'яўляецца знакам боскага дару збаўлення".

"Дарагія сябры, Хрыстус – гэта адказ Бога на голад чалавека, бо Яго цела – хлеб вечнага жыцця: бярыце і ешце ўсе!", - заклікаў Папа.

Эўхарыстыя робіць нас Целам Пана

"Еўхарыстыя – гэта сапраўдная, рэальная і істотная прысутнасць Збаўцы, які ператварае хлеб у сябе, каб ператварыць нас у Яго. Жывое і жыццядайнае, Цела Пана робіць нас, то бок сам Касцёл, целам Пана", - падкрэсліў Святы Айцец.

Ён нагадаў, што, згодна з вучэннем Другога Ватыканскага Сабора, "сакрамэнтам эўхарыстычнага хлеба паказваецца і ажыццяўляецца еднасць вернікаў, якія складаюць адно цела ў Хрысце. Усе людзі пакліканы да гэтага аб'яднання з Хрыстом, Які ёсць святлом свету: ад Яго мы прыходзім, праз Яго мы жывём, да Яго мы скіраваны".

Падчас святочнай Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста
Падчас святочнай Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста

Працэсія – знак нашага шляху з Хрыстом

Завяршаючы гамілію, Папа адзначыў, што працэсія ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста з'яўляецца знакам гэтага шляху з Хрыстом.

"Разам, пастыры і статак, мы жывімся Найсвяцейшым Сакрамэнтам, сузіраем Яго і нясем Яго па вуліцах. Робячы гэта, мы прапануем Яго позірку, сумленню, сэрцу людзей.

Мы нясём Эўхарыстыю, каб дакрануцца да сэрцаў усіх людзей: вернікаў – каб умацаваць іх веру, а тых, хто не верыць – каб заахвоціць задумацца над духоўным голадам, які адчувае кожны чалавек, і над Хлебам, які сапраўды можа наталіць гэты голад", - падкрэсліў Святы Айцец.

"Падмацаваныя ежай, якую дае нам Бог, мы нясём Езуса ў сэрца ўсіх, бо Езус уцягвае ўсіх у справу збаўлення, запрашаючы кожнага ўдзельнічаць у Яго вячэры. Шчаслівыя запрошаныя, якія становяцца сведкамі гэтай любові!", - заключыў Папа Леў XIV.
 

22 чэрвеня 2025, 17:57