Анёл Панскі: Эўхарыстыя аб'ядноўвае нас у любові
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая адзначаецца ў многіх Касцёлах у нядзелю, Святы Айцец звярнуўся да вернікаў, сабраных на Плошчы Святога Пятра, каб разам паразважаць над евангельскім урыўкам пра цуд памнажэння хлеба і рыбы. Папа адзначыў, што здзейсненае Езусам, апроч таго, што з'яўляецца цудоўнай падзеяй, мае глыбокае сімвалічнае значэнне.
Дары Божыя, нават самыя малыя, растуць тым больш, чым больш імі дзеляцца
"Цуд, па-за цудоўнасцю, з'яўляецца 'знакам' і нагадвае нам, што дары Божыя, нават самыя малыя, растуць тым больш, чым больш імі дзеляцца", - падкрэсліў Леў XIV. Ён заклікаў вернікаў задумацца над больш глыбокай рэальнасцю, якая крыецца за чалавечым дзяленнем – гэта дзяленне самога Бога з намі.
Папа нагадаў, што Стварыцель, каб збавіць нас, папрасіў адну са сваіх стварэнняў стаць Яго маці, даць Яму крохкае, абмежаванае, смяротнае цела. "Ён падзяліў такім чынам да канца нашу беднасць, выбраўшы выкарыстаць для нашага адкуплення менавіта тое нямногае, што мы маглі Яму прапанаваць", - сказаў Святы Айцец.
Эўхарыстыя як сустрэча любові
Леў XIV звярнуў увагу на прыгажосць таго, калі мы робім падарунак, нават сціплы, і бачым, што ён ацэнены тым, хто яго атрымлівае. "Менавіта гэта адбываецца ў Эўхарыстыі паміж намі і Богам: Пан прымае, асвячае і благаслаўляе хлеб і віно, якія мы кладзём на алтар разам з ахвяраваннем нашага жыцця, і ператварае іх у Цела і Кроў Хрыста, у ахвяру любові дзеля збаўлення свету", - растлумачыў Папа.
Так у згодзе любові фарміруецца адно цела Хрыста
Святы Айцец працытаваў святога Аўгустына, які казаў: "Як са збожжавых зерняў, сабраных разам, утвараецца адзін хлеб, так у згодзе любові фарміруецца адно цела Хрыста". Гэтыя словы паказваюць глыбокую еднасць, якая ўзнікае праз Эўхарыстыю.
У завяршэнне свайго звароту Леў XIV запрасіў рымлян і гасцей горада да ўдзелу ў эўхарыстычнай працэсіі, якая адбудзецца ўвечары 22 чэрвеня 2025 года. "Мы будзем спяваць, маліцца і нарэшце збяромся перад базілікай Санта-Марыя-Маджорэ, каб выпрасіць благаслаўленне Пана на нашы дамы, нашы сем'і і ўсё чалавецтва", - паведаміў Папа.
Святы Айцец выказаў надзею на тое, што гэтае святкаванне стане яркім знакам абавязацельства вернікаў быць штодня, пачынаючы ад алтара і табернакля, носьбітамі еднасці і міру адзін для аднаго праз дзяленне і любоў.