Папа Леў XIV і Зяленскі абмеркавалі мірныя ініцыятывы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
12 мая 2025 года адбылася першая тэлефонная размова Льва XIV з лідарам замежнай дзяржавы. Як паведамляе прэс-служба Прэзідэнта Украіны, Святы Айцец звязаўся з Уладзімірам Зяленскім, які павіншаваў Пантыфіка з абраннем на пасаду і падзякаваў за падтрымку Украіны і ўкраінскага народа.
Палітык выказаў удзячнасць за словы Папы падчас нядзельнай малітвы на Плошчы Святога Пятра аб неабходнасці дасягнення справядлівага, сапраўднага і працяглага міру для Украіны і вызвалення палонных.
Мір для Украіны павінен быць справядлівым і трывалым
Паводле прэс-службы Прэзідэнта Украіны, значная ўвага падчас размовы была нададзена намаганням на карысць міру. Зяленскі паінфармаваў пра дамоўленасць Украіны і міжнародных партнёраў аб тым, што з сённяшняга дня павінна пачацца поўнае, безумоўнае спыненне агню як мінімум на 30 дзён.
Лёс дзяцей – галоўны гуманітарны прыярытэт
Прэзідэнт Украіны таксама падняў пытанне аб дэпартацыі і незаконным перамяшчэнні тысяч украінскіх дзяцей у Расію. Ён выказаў спадзяванне на садзейнічанне Святога Пасада ў іх вяртанні дадому.
"Святы Пасад працягне дапамагаць у вяртанні дэпартаваных дзяцей", - запэўніў Папа Леў XIV, якога цытуе прэзідэнцкая прэс-служба, падкрэсліўшы, што ватыканскі бок будзе і надалей рэалізаваць намаганні для вырашэння ўсіх пытанняў гуманітарнага вымярэння.
Апостальскі візіт як сімвал надзеі
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Украіна імкнецца да завяршэння вайны і гатова да далейшых перамоў у любым фармаце, уключаючы прамыя перамовы з Расіяй, чакаючы адпаведных крокаў з боку апошняй.
Завяршаючы размову, Зяленскі запрасіў Яго Святасць здзейсніць апостальскі візіт ва Украіну, падкрэсліўшы, што гэта "магло б прынесці сапраўдную надзею для ўкраінскага народа".
Як паведамляецца, суразмоўцы дамовіліся падтрымліваць кантакт і запланаваць асабістую сустрэчу ў бліжэйшы час.