MAP

Уладарка Неба: кожны з нас – жыллё Бога

На жыццёвым шляху кожны чалавек сутыкаецца з момантамі пакут, але Евангелле вучыць нас давяраць Божай ласцы. Бог пасяляецца ў тых, хто любіць Яго. Кожны чалавек – гэта жыллё Бога, - нагадаў Леў XIV падчас малітвы "Уладарка Неба", якая 25 мая 2025 года прайшла на Плошчы Святога Пятра.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Я ўсё яшчэ на пачатку майго служэння сярод вас і хацеў бы, перш за ўсё, падзякаваць вам за любоў, якую вы праяўляеце да мяне, і папрасіць, каб вы працягвалі падтрымліваць мяне сваёй малітвай і блізкасцю”, - звярнуўся да вернікаў Папа.

Леў XIV нагадаў, што часам на шляху веры і ў паўсядзённым жыцці здараюцца моманты слабасці. “Але Евангелле гэтай нядзелі (Ян 14:23-29) заклікае нас спадзявацца не на ўласныя здольнасці, а на ласку Пана, Які выбраў нас, і быць упэўненымі, што Святы Дух вядзе і вучыць нас усяму”, - адзначыў ён.

Напярэдадні смерці Настаўніка, апосталы былі ў разгубленасці і смутку, не ведаючы, як працягваць сведчыць пра Валадарства Божае. Абвяшчаючы ім дар Святога Духа, Езус даў цудоўнае абяцанне: “Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго” (Ян 14:23), - сказаў Святы Айцец.

Такім чынам, Езус вызваляе вучняў ад пакут і клопатаў, кажучы ім: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца” (Ян 14:27). “Калі мы застаёмся ў Яго любові, Ён пасяляецца ў нас, і наша жыццё становіцца храмам Божым, і гэтая любоў асвятляе нас, уплывае на нашы думкі і ўчынкі, распаўсюджваецца на іншых і ахоплівае ўсе сітуацыі нашага жыцця”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Гэтае жыллё Бога ў нас – гэта менавіта дар Святога Духа, які бярэ нас за руку і дапамагае адчуць Божую прысутнасць і блізкасць у паўсядзённым жыцці, робячы нас сваім домам”, - зазначыў Леў XIV.

Прыгожа ўсведамляць, што, разважаючы пра ўласнае пакліканне, пра жыццёвыя сітуацыі і людзей, даручаных нам, пра нашыя абавязкі і служэнне ў Касцёле, кожны з нас можа з упэўненасцю сказаць: “Нягледзячы на маю слабасць, Пан не саромеецца маёй чалавечнасці. Наадварот, Ён прыходзіць, каб жыць ува мне. Ён суправаджае мяне сваім Духам, асвятляе мяне і робіць мяне прыладай сваёй любові да іншых, да грамадства і свету”, - сказаў Папа.

“Дарагія сябры, у святле гэтага абяцання, мы ідзем у радасці веры, каб стаць святым храмам Пана. Давайце возьмем на сябе абавязацельства несці Яго любоў паўсюль, ніколі не забываючы, што кожны брат і кожная сястра – гэта жыллё Бога, і што Яго прысутнасць найперш выяўляецца ў малых, бедных і тых, хто пакутуе, заклікаючы нас быць уважлівымі і міласэрнымі хрысціянамі”, - заахвоціў Леў XIV.

“Даручым сябе заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі. Дзякуючы дзеянню Святога Духа яна стала жыллём, прысвечаным Богу. Разам з Ёй, хай і мы выпрабуем радасць прыняцця Пана ў сваё жыццё і станем знакамі і прыладамі Яго любові”, - заключыў Папа, пасля чаго праспяваў малітву “Уладарка Неба”.

25 мая 2025, 12:20

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >