Святы Айцец здзейсніў візіт у Дыкастэрыю па справах біскупаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што ў капліцы гэтага ватыканскага ведамства Пантыфік цэлебраваў святую Імшу. У ёй бралі ўдзел супрацоўнікі структуры, якая цяпер чакае прызначэння новага прэфекта. Візіт працягваўся прыкладна паўтары гадзіны.
Дыкастэрыя па справах біскупаў знаходзіцца ў палацы побач з плошчай Папы Пія XII, на самым пачатку вуліцы Канцыліяцыёнэ, у некалькіх дзясятках метраў ад каланады Плошчы Святога Пятра. Папа прыехаў туды на цёмным мінівэне, на якім ужо здзейсніў два нечаканыя візіты цягам мінулых тыдняў – у марыйны санктуарый у Джэнацана і ў генеральную курыю Ордэна святога Аўгусціна. Пілігрымы і турысты, якія заўважылі Пантыфіка, прывіталі яго радаснымі воклічамі і апладысментамі.