MAP

Святы Айцец прыняў прэзідэнтаў Перу і Украіны

Папа Леў XІV сустрэўся з прэзідэнтамі Перу і Украіны. Дзве аўдыенцыі адбыліся пасля святой Імшы на пачатак Пятровага служэння, якую Пантыфік цэлебраваў 18 мая 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прэзідэнт Перу Дзіна Эрсілія Балуартэ Сегара напісала ў сацыяльнай сетцы “Х”, што мела магчымасць запэўніць Папу ў блізкасці перуанскага народа. Яна згадала Льва XІV як “Божага слугу, які прысвяціў шмат гадоў місіі евангелізацыі і служэння самым патрабуючым у краіне”.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прысутнічаў на аўдыенцыі ў Святога Айца разам са сваёй жонкай Аленай Зяленскай. У сацыяльных сетках украінскі лідар падзякаваў Папу за словы пра Украіну, прамоўленыя ім перад малітвай “Уладарка Неба”, асабліва за “патрэбу ў справядлівым міры”, бо “кожная краіна заслугоўвае жыцця ў міры і бяспецы”.

“Для мільёнаў людзей у свеце Пантыфік з’яўляецца сімвалам надзеі на мір. Аўтарытэт і голас Святога Пасаду могуць адыграць важную ролю ў завяршэнні гэтай вайны”, - напісаў Зяленскі. Ён падзякаваў “Ватыкану за гатоўнасць стаць пляцоўкай для прамых перамоў паміж Украінай і Расіяй”, падкрэсліўшы, што “мы гатовыя да дыялогу ў любым фармаце дзеля рэальных вынікаў”.

“Дзякуем за падтрымку Украіны і за выразны голас у абарону справядлівага і трывалага міру”, - адзначыў прэзідэнт Украіны.
 

18 мая 2025, 16:40